Берасцейскія назіральнікі падалі ў пракуратуру скаргі
Тры заявы ў пракуратуру па выніках назірання за асноўным днём галасавання прэзідэнцкіх выбараў падалі прадстаўнікі кампаніі ’’Права выбару’’ на Берасцейшчыне. Актывісты скарысталіся сваім правам абскардзіць рашэнні і дзеянні ўчастковых камісій. Каардынатар кампаніі ад Беларускай Сацыял-Дэмакратычнай партыі (Грамада) Святлана Алясюк адзначыла, што ў асноўным скаргі тычыліся закрытай працэдуры падліку галасоў:
– Многіх назіральнікаў абурыла тое, як быў арганізаваны падлік галасоў. Гэта датычыла найперш таго, што назіральнікі знаходзіліся на адлегласці 3-5 метраў ад стала, на якім падлічвалі бюлетэні. Прабачце, што яны маглі бачыць, аб якім выкананні артыкула 13-га, які вызначае, што выбары павінны праходзіць адкрыта і празрыста.
Актывісты, якія падалі скаргі ў пракуратуру, упэўненыя, што дзеянні старшыняў камісій маглі паўплываць на вынікі галасавання.
Беларускае Радыё Рацыя