Берасцейскія назіральнікі паведамляюць пра нядопуск на ўчасткі



Адзін з такіх выпадкаў здарыўся на выбарчым участку №89, што ў мікрараёне Валынка ў Берасці, дзе ў гэты дзень пачалося датэрміновае галасаванне на выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Кажа назіральнік Аляксандр Д., якога ўласна і не дапусцілі да назірання:

– Людзі на выбарчым участку сфармаваныя старым складам. Запісваў відэа, камунікаваў. Бачна, што гэта вялікі фарс. Нас не пускаюць свядома. Яны разумеюць, што яны робяць. Бачна, па агаворках, што яна робіць вялікую памылку, яна сама аб гэтым шкадуе. Пастанова, якую Ярмошына прыдумала, і выпусціла ў масы, – пісульку мы гэтую атрымалі. Нам далі гэтую пісульку. Мы яе маем. Пісьменнага ў гэтым нічога няма. Проста фількіна грамата.

Але Аляксандр Д. разам з паплечнікам кажуць, што прымаюць контрмеры і працягваюць назіраць звонку:

– Самы абсурд тое, што мы прыйшлі першымі з назіральнікаў. Калі мы ўжо зайшлі ў кабінет, назіральнікі ўжо былі там і ўжо рыхтаваліся зайсці на свае месцы. Нас свядома не пусцілі ў грубай форме. Скаргу мы падалі ў Маскоўскі раён. Паехалі адразу пасля гэтага выпадку і падалі скаргу. Мы не здаёмся, назіраем і лічым яўку.

«Цікава што на дадзеным участку зарэгістравана 2157 выбарцаў. Па нашых падліках, да 13:00 прыйшлі прагаласаваць 12 чалавек. А па дадзеных камісіі, за ўвесь дзень 84 чалавекі. Гэта падобна да фальсіфікацыі», – дадаў Аляксандр Д.

Беларускае Радыё Рацыя