Берасцейскія незалежныя кандыдаты – другія пасля праўладных



Незалежныя кандыдаты ў дэпутаты Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка атрымалі другія месцы на берасцейскіх выбарчых участках №54 і №83 адпаведна, адразу ўслед за гэтак званымі “кандыдатамі ад улады”. Рэч у тым, што абодва ўжо экс-кандыдаты назіралі за працэсам падліку галасоў на згаданых участках асабіста. Падсумоўвае Сяргей Вакуленка:

Было вельмі складана ў тым плане, што акружная камісія замест таго, каб спрыяць арганізацыі сустрэч з выбарцамі, дапамагаць кандыдатам у дэпутаты, проста вяла сваю працу, я так мяркую, фармальна: рэгістравала дакументы-скаргі, а дапамогі не было. Таму сёння толькі адзін з кандыдатаў распаўсюдзіў агітацыйны матэрыял па акрузе.

Абодва кандыдаты ўжо падалі шэраг скаргаў, адзін з іх – у тым ліку і ў суд, з нагоды заўважаных парушэнняў Выбарчага кодэксу. Першыя вынікі адразу пасля падліку галасоў падвёў Дзяніс Турчаняк:

Я сам прысутнічаў на падліку галасоў на ўчастку №54. Асноўную большасць галасоў набраў кандыдат ад улады – цяперашні дэпутат, у мяне – другое месца. Пытанні не толькі па гэтым участку, але і па ўсёй акрузе. Аказалася, што вялікая колькасць людзей была ўключана ў дадатковыя спісы, чамусьці іх не было ў асноўным спісе. На гэтым 54-м участку аказалася 27 чалавек, на ўчастку №51 – 83 чалавекі. Пакуль не аддадзены з 50-га ўчастка. Яўка на маім участку склала 45%.

Дзяніс Турчаняк і Сяргей Вакуленка з’яўляюцца сябрамі “Руху за свабоду” і неаднаразова прымалі ўдзел у назіранні за выбарчымі працэсамі на мясцовых, парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах, фіксавалі і скардзіліся на парушэнні Выбарчага кодэксу. “Адметнасцю сёлетніх выбараў, з’яўляецца наяўнасць гэтак званых “каруселяў”, гэта калі адзін чалавек галасуе на некалькіх участках, выбарчая камісія не супрацьдзейнічае гэтаму. Што праўда, зафіксаваць для СМІ “карусель” удалося толькі ў Менску,” – падсумаваў Дзяніс Турчаняк.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара