Берасцейскія прадпрымальнікі гатовыя змагацца за свае правы
Берасцейскія прадпрымальнікі гатовыя змагацца за свае правы, за магчымасць працаваць, за свой дабрабыт. Указ кіраўніка дзяржавы 222 пазбавіў іх працы, бо выканаць яго і мець хадавы тавар немагчыма, паколькі для Масквы — гэта не указ. Таму дробныя прадпрымальніка гатовыя выйсці на плошчу:
— Мы гатовыя выйсці на плошчу і прасіць, каб нам далі працу. Для нас няма працы: нас ніхто не бярэ на працу. Мы на ўсё гатовыя, каб толькі працаваць. Чаму прэзідэнт Беларусі не разглядае пытання, каб працаўладкаваць людзей? Людзі хочуць працаваць, а працы — няма. Што нам застаецца рабіць? Якое выйсце?
— Калі нас дапякуць і не будзе магчымасці легальна працаваць, а ўсё гэта закрыецца, на якія сродкі мы будзем існаваць? Мы не зможам не пратэставаць.
22 лютага прадпрымальнікі дамовіліся ў чарговы раз сабрацца на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Як на гэта адрэагуе ўлада пасля адмены санкцыяў і колькі збярэцца гандляроў — убачым.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце