Берасцейскія ўлады спаганяюць грошы за пікет



Берасцейскія ўлады патрабуюць ад прафсаюзных актывістаў даплаты за пікет, які прайшоў 1-га чэрвеня і быў прысвечаны Міжнароднаму дню абароны дзяцей. Як высветлілася, патрэбна заключэнне дамовы аб даплаце за дзяжурства медычнага транспарту.

Кіраўнік рэгіянальнага аддзялення прафсаюзаў радыёэлектроннай прамысловасці Зінаіда Міхнюк упэўненая, што гэта адна з чарговых першкодаў на шляху да публічнага выказвання сваіх думак:

– Вы разумееце, што я не шараговы грамадзянін горада Берасця, у нас у Берасці я ўзначальваю незалежны прафсаюз. Гэта адзін з прафсаюзаў, якому да ўсяго ёсць справа, да таго, што парушаюцца правы. Да нас прыходзяць розныя абяздоленыя працоўныя з розных прадпрыемстваў таму, каб прыцягнуць увагу, мы спрабуем у маёй асобе арганізоўваць гэтыя пікеты. Я бачу, што калі гэта вырашыць зрабіць звычайны грамадзянін горада Берасця, няхай вельмі актыўны – гэта столькі прыпонаў, што чалавек плюне, у яго апусцяцца рукі.

“Мы заплацілі дадатковыя 75 тысяч беларускіх рублёў, але справа нават не ў гэтым, а ў самой складанасці працэдуры арганізацыі такіх мерапрыемстваў”, – дадала Зінаіда Міхнюк. На яе думку, працэдура заключэння дадатковых дамоваў не дае роўных магчымасцяў грамадзянам для рэалізацыі іх палітычных правоў.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце