Берасцейскія ўлады забаранілі АГП гаварыць з людзьмі пра крызіс
Берасцейскі гарвыканкам забараніў актывістам Аб’яднанай грамадзянскай партыіГП ладзіць пікеты, прысвечаныя эканамічным праблемам у Беларусі. Падставай да забароны пікетаў пад назвай «Мільён новых працоўных месцаў» стала адсутнасць заключаных дамоваў з прадстаўнікамі аховы здароўя і камунальных службаў. Адзін з заяўнікаў пікетаў на тэму стану беларускай эканомікі Уладзімір Вуек лічыць адмову палітычна матываванай:
— Мы лічым гэты адказ беспадстаўным. Мы непавінны заключаць ніякія дамовы. Мы аплацілі працу гэтых службаў, як падаткаплацельшчыкі і хацелі скарыстацца сваім канстытуцыйным правам на правядзенне мірных сходаў, шэсцяў і гэтак далей.
У якасці альтэрнатыўнага мерапрыемства сябры партыі правялі круглы стол на тэму стварэння мільёна новых працоўных месцаў у Беларусі. У ім ўдзельнічалі прыхільнікі дэмакратычных пераменаў, якія прыйшлі ў партыю, або пакінулі свае кантакты ў часе прэзідэнцкай кампаніі, эксперты, а таксама прадстаўнікі іншых грамадскіх і палітычных арганізацыяў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце