Берасцейскія ўлады забаранілі экалагічны мітынг
Мітынг супраць будаўніцтва акумулятарнага завода ў вёсцы Тэльмы Берасцейскага раёна забаронены. Пра гэта паведаміў юрыст Раман Кісляк.
Мерапрыемства планавалася на стадыёне ДЮСШ (Дзіцячая спартовая школа).
„Улады спаслаліся на тое, што ў гэтым жа месцы пройдзе іншая імпрэза, але якая менавіта яны не патлумачылі”, — адзначыў ён:
– Мяркуем, па інфармацыі са школаў, школьнікаў тэрмінова збіраюць на спартовае школьнае мерапрыемства. Улады баяцца не толькі ў горадзе Берасці такога мітынгу, але і за Берасцем, на стадыёне за некалькі кіламетраў ад горада. Любой публічнай актыўнасці супраць акумулятарнага завода ўлады баяцца, як агня.
Літаральна год таму ўлады далі дазвол на арганізацыю мітынга ў парку воінаў-інтэрнацыяналістаў. Па розным падлікам было ад тысячы да двух тысяч удзельнікаў.
Беларускае Радыё Рацыя
