У Берасці выступаюць за свабодны вела-рух праз мяжу
Берасцейскія веласіпедысты сумесна з польскімі калегамі сёння, пачалі змаганне за свабодны вела-рух праз дзяржаўную мяжу.
Акцыя па зборы подпісаў да польскага памежнага камітэту ладзіцца ў рамках кампаніі “Раварысты без межаў”, – пра гэта распавёў каардынатар ініцыятывы “За вела Берасце” Уладзімір Красько:
– На дадзены момант дасягнутая дамоўленасць, што беларускі бок прапускае раварыстаў у пункце пропуску Варшаўскі мост. І асноўныя пытанні зараз – з польскай памежнай службай. Таму спецыяльна арганізаваная трохдзённая акцыя з польскімі роварнымі клубамі па зборы подпісаў да мясцовых органаў кіравання і памежнікаў у Польшчы.
„Мы спадзяемся за гэты час сабраць каля трох тысяч подпісаў рознымі шляхамі, як падчас акцый на вуліцах, так і праз збор подпісаў у Інтэрнэце з тым, каб з’явілася магчымасць ездзіць на ровары праз мяжу”, – дадаў Уладзімір Красько.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце