Берасцейскую актывістку АГП звальняюць з працы
З сябрам ініцыятыўнай групы па вылучэнні кандыдатам на пасаду прэзідэнта Анатоля Лябедзькі ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі, Людмілай Захаранка, не працягнулі кантракт па месцы працы.
Людміла Захаранка лічыць такое рашэнне палітычна матываваным. Кіраўніцтва берасцейскага электрамеханічнага заводу, пакуль, прычынаў не патлумачыла. Дысцыплінарных парушэнняў у актывісткі не было. «Абставінаў для завяршэння кантракту я не бачу», — адзначыла Людміла Захаранка:
— Да мяне не было ніякіх заўвагаў і дысцыплінарных спагнанняў. Але пасля таго, як мяне пабачылі за зборам подпісаў, было прынятае рашэнне, што працоўныя адносіны са мной ня будуць працягваць. Заўсёды да такіх людзей, як мы, праяўляецца асаблівая цікаўнасць. І мне казалі, маўляў, ня варта гэтага рабіць. У кіраўніцтве ня толькі гэтай арганізацыі, дзе я працавала, звярталі ўвагу на гэта і казалі, што не надта хочуць супрацоўнічаць з такімі людзьмі.
Актывістка мае намер абскарджваць рашэнне прадпрыемства, у тым ліку, накіраваць да кіраўніцтва ліст з просьбай даць афіцыйныя тлумачэнні.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце