Берасцейскую актывістку „Маладой Беларусі” выклікаюць у КДБ



Сёння стала вядома, што актывістку руху “Маладая Беларусь” з Берасця Наталлю Папкову выклікаюць ва Упраўленне КДБ па Берасцейскай вобласці.

У позве пазначаны дата і час допыту – 15 красавіка 14.00 і нагода – у межах закона аб аператыўна-вышуковай дзейнасці, а таксама супрацоўнік, які выклікае – Сямёнаў Дзяніс Валер’евіч. Наталля Папкова звязвае выклік у КДБ з семінарам у Кіеве, на якім мела прысутнічаць.

– Я гэта звязваю з паездкай у Кіеў. Планавалася паездка на семінар.

РР: То вы пойдзеце на гэтую сустрэчу ў КДБ?

– Не, не пайду. Сябры раюць не ісці. Хаця могуць прыехаць і самі прывезці.

Сама Наталля Папкова цягам апошніх некалькіх год актыўна ўдзельнічала ў большасці масавых акцыяў у Менску, збірала подпісы ў Берасці, была назіральніцай за выбарамі, збіраецца ёй быць і на будучых прэзідэнцкіх выбарах. Вылучалася ў якасці кандыдата ў дэпутаты ў Берасцейскі гарадскі Савет дэпуатаў на мясцовых выбарах 2014 года, але не была зарэгістраваная.

24 сакавіка 2015 года Наталля разам з калегамі па арганізацыі раздавала ў цэнтры Берасця бел-чырвона-белыя стужкі. Напачатку красавіка яна павінна была прымаць удзел у семінары ў Кіеве.

На думку самой Наталлі і калег па арганізацыі, выклік яе ў КДБ з’яўляецца спробай запалохвання рэгіянальных актывістаў перад прэзідэнцкай кампаніяй, а таксама страхам сілавых структураў да сувязі беларускіх арганізацый з украінскімі.

Беларускае Радыё Рацыя