Берасцейскую актывістку Наталлю Папкову асудзілі на 15 сутак
Да 15 сутак арышту прысудзілі грамадскую актывістку і адну з лідараў пратэстаў супраць дэкрэта “аб дармаедстве” Наталлю Папкову.
Справу пра “непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі”, што з’яўляецца адміністрацыйным правапарушэннем, разглядаў суддзя суда Ленінскага раёна Алег Міранюк. Адваката ў Наталлі не было:
– Мая адвакатка зараз на жаль знаходзіцца на курсах, таму я вырашыла, што буду хадатайстваваць, каб суд перанеслі на пятніцу. Але да гэтага ў мяне ўжо быў адвод суддзі, адвод не задаволілі, бо вырашылі, што маіх довадаў недастаткова, каб зрабіць адвод.
На разглядзе справы былі дапытаны ў якасці сведкаў капітаны міліцыі Мікалай Рынчук і Андрэй Косінцаў. У дачыненні аднаго з іх і здзяйсняла “непадпарадкаванне” Наталля Папкова, калі яе спрабавалі звінаваціць у парушэнні правілаў дарожнага руху.
Пасля абвяшчэння чарговага перапынку, грамадская актывістка выйшла папаліць і знікла ў невядомым накірунку. Суддзя Алег Міранюк абвясціў прысуд у яе адсутнасці. Каментуе праваабаронца Раман Кісляк:
– Калі судзіць па яе паказаннях, то відавочна была замова яе затрымаць, інтэрнаваць. Навошта, у якіх мэтах, мне цяжка зразумець. Ці то ўлады ўжо рыхтуюцца да будучых акцый – “Чарнобыльскі шлях”, 1 траўня, ці то нейкія іншыя прычыны. Я, шчыра кажучы, не магу зразумець логіку ўладаў.
Зараз месцазнаходжанне Наталлі Папковай невядома. Суддзя Міранюк загадаў міліцыянтам здзейсніць захады па яе затрыманні і дастаўцы ў месца адбыцця пакарання.
“Імаверна гэта будзе ІЧУ Ленінскага РАУС Берасця”, – зазначылі праваабаронцы.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце