Берасцейскую журналістку аштрафавалі завочна
Cуд Ленінскага раёна Берасця пайшоў на грубае парушэнне беларускага заканадаўства, у тым ліку працэсуальнага кодэксу, а таксама Канстытуцыі і Міжнародных нормаў.
Пра гэта паведаміла незалежная журналістка Аліна Літвінчук.
Згодна пастановы суда, 8 студзеня Аліна Літвінчук не маючы акрэдытацыі узяла інтэрв’ю ў старшыні Берасцейскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міра Лідзіі Раманюк, чым парушыла Закон Аб сродках масавай інфармацыі.
Грамадзянка нібыта здзейсніла незаконны выраб інфармацыйных матэрыялаў. Сведка Лідзія Раманюк у судзе паццвердзіла факт дачы інтэрв’ю для Беларускага Радыё Рацыя, што адлюстравана ў пастанове суда.
Суд прызнаў Аліну Літвінчук вінаватай у адміністрацыйным парушэнні і прызначыў штраф у памеры 40 базавых велічыняў, альбо 7 мільёнаў 200 тысяч беларускіх рублёў.
– Мяне ніхто не выклікаў у міліцыю афіцыйна. Я не ставіла свой подпіс пад тым, што я азнаёмленая з матэрыяламі справы, Пра тое, што адбыўся суд я дазналася па факце. Тут парушэнне Канстытуцыі Рэспублікі, якая гарантуе нам права на законны збор і распаўсюд інфармацыі. Гэта і парушэнне і міжнародных нормаў – Пакт пра грамадзянскіх і палітычны правах, які падпісала Беларусь.
Са слоў Аліны Літвінчук, незаконны прысуд вынес суддзя Семенчук, а на суд і ў міліцыю яе ніхто ў пісьмовай форме не запрасіў. Суд не ўведаміў, што супраць яе заведзеная адміністрацыйная справа.
Аліна Літвінчук атрымала ліст пастановы суда ў паштовую скрыню. Цяпер яна рыхтуе зварот да старшыні суда Ленінскага раёна ў сувязі з супрацьпраўнымі дзеяннямі ў адносінах да яе, а таксама скаргу ў абласны суд.
Антон Разумоўскі Беларускае Радыё Рацыя