Іна Хоміч не змагла прыехаць у Іванаўскі РАУС з-за хваробы



Журналістка Беларускага Радыё Рацыя Іна Хоміч, якую выклікалі ў міліцыю на сёння, з’явіцца ў пастарунак не змагла. Яна патлумачыла немагчымасць гэта зрабіць з-за хваробы. А 14-й гадзіне журналістка павінна была з’явіцца ў Іванаўскім РАУСе.

– Патэлефанавалі мне, пыталіся, не паверылі, што я на бальнічным, кажуць, ну калі раптам у вас няма бальнічнага, то я магу адразу ў суд перадаць справу. Я паклікала ўрача і яна мне дала бальнічны.

Іну Хоміч абвінавачваюць у адміністратыўным правапарушэнні, прадугледжаным часткай 2 артыкула 22.9 – парушэнне ўсталяванага парадку – рассылкі абавязковых бясплатных экзэмпляраў перыядычных выданняў, распаўсюд эратычных выданняў і незаконны выраб і распаўсюд масавай інфармацыі. Журналістка мяркуе, што якраз па апошнім пункце яе і выклікалі ў міліцыю. Іна Хоміч заяўляе, што ў міліцыі не збіраецца адмаўляць, што супрацоўнічае з Беларускім Радыё Рацыя, таму што не лічыць гэта супрацьзаконным.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Спачатку Іна Хоміч збіралася прыйсці да яго сама, але пасля прапанавала прыехаць праваахоўніку. У якасці прычыны для гутаркі ўчастковы назваў дату 5 лютага, кажа Інна Хоміч:

– Пазваніў участковы, прычым не мой участковы, а з таго месца, дзе я раней жыла. Ледзь выцягнула з яго, з якой мэтай сустрэцца. Тады ён ужо ўдакладніў, што яго цікавіць 5 лютага. Я ўвогуле не магла згадаць, дзе я была 5 лютага, што гэта такое. Удакладніў яшчэ раз, што яго цікавіць Моталь. Я дакладна ездзіла ў лютым у Моталь на адкрыццё музея хлеба. Ён сказаў, што я там брала каментар у Кацярыны, як ён сказаў без прозвішча. Гэта яго і цікавіць. Больш нічога не ўдакладняў. 

Таксама не сказаў участковы, ці связана размова з супрацоўніцтвам Іны Хоміч з замежнымі сродкамі масавай інфармацыі без акрэдытацыі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя