Берасцейца Дзмітрыя Абрамука асудзілі за абразу прэзідэнта



Палітзняволенага берасцейца Дзмітрыя Абрамука асудзілі яшчэ на адну “хімію” з накіраваннем – цяпер за абразу прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Раней, 15 сакавіка 2021 года, Дзмітрыю далі два гады “хіміі” з накіраваннем па “справе карагодаў”. Але сёння, 17 чэрвеня, над ім правялі яшчэ адзін судовы працэс—па частцы 1 артыкула 368 КК РБ. Прычынай паслужыў званок на лінію 102, які Дзмітрый здзейсніў 22 лютага.

Абвінавачанне палічыла гэта публічнай абразай прэзідэнта. За гэта палітзняволенаму далі яшчэ два гады “хіміі”, але з улікам папярэдняй “хіміі” Дзмітрыю Абрамуку прыйдзецца адбыць тры гады “хіміі” агулам.

Дзмітрый сваёй віны ў абразе прэзідэнта не прызнаў:

– Я яго не абражаў, я абражаў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Мой прэзідэнт не ён. Я патэлефанаваў у 102., так як майго сябра забралі ў СІЗА з залы суда.

РР: Што скажаце наконт прысуду?

– Нічога. Я ўвогуле нязгодны. Чакаю, калі мы пераможам, свабоду.

Прысуд Дзмітрыю Абрамуку за абразу прэзідэнта вынес суддзя суда Маскоўскага раёна горада Берасця Брэган. Сам Дзмітрый Абрамук прыехаў на суд з Віцебска, дзе на дадзены момант адбывае першую “хімію” ў папраўчай установе адкрытага тыпу №9.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя