Берасцейцам прадставяць крыніцы ведаў пра Берасцейскую крэпасць
Фонд развіцця Берасцейскай крэпасці запрашае на сустрэчу пад назвай “Новыя крыніцы ведаў пра спадчыну Берасцейскай крэпасці”.
На ёй прадстаўнікі фонду прэзентуюць сваё выданне “Атлас крэпасці Брэст-Літоўск: Том 3. Фартовы перыяд (1876-1915)” і інтэрнэт-базу дадзеных brestdatabase.by. Каментуе Аліна Дзеравянка з фонду развіцця крэспасці:
– Насамрэч мы паспрабавалі зрабіць кнігу, якая была б цікавая не толькі прафесіяналам і спецыялістам, але і жыхарам, турыстам, наведвальнікам ды проста тым, хто цікавіцца гісторыяй. З яе можна даведацца пра гісторыю стварэння Берасцейскай крэпасці, яе ўмацаванне, мадэрнізацыю, які гэта быў аб’ект перад Першай сусветнай вайной. Асаблівасць гэтай кнігі ў тым, што туды ўвайшлі матэрыялы, якія больш за 100 гадоў праляжалі пад надпісам «сакрэтна», таму яна безумоўна будзе цікава ўсім, хто цікавіцца гэтай гісторыяй.
Сустрэча адбудзецца 16 лютага па адрасе: Берасце, бульвар Шаўчэнкі 3, корпус 1. Пачатак а 16-й.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара