Берасцейцам прэзентавалі мапу веламаршрутаў па горадзе



Берасцейцам прэзентавалі мапу веламаршрутаў па горадзе і ваколіцах. Ініцыятарам мерапрыемства выступіў каардынатар кампаніі «За вела Берасце» Андрэй Карагода, які разам з камандай і арганізаваў прэзентацыю:

— Гэта ўсё-такі мапа роварных маршрутаў па Берасці і перш за ўсё яна арыентавана на тое, каб падштрухнуць берасцейцаў займацца здаровым ладам жыцця і пры гэтым ездзіць па нейкіх нашых цікавых месцах, атрымліваць асалоду ад знаходжання на прыродзе. А другая мэта, якую мы хацелі дасягнуць, гэта стварыць файныя межы Берасця, горада, які дынамічна развіваецца, які ідзе ў нагу з Еўропай і развівае роварны рух.

Наведвальнікам, сярод якіх пераважная колькасць былі сябры вела-клубаў, раздалі тэставыя версіі мапы. Некаторыя рабілі свае заўвагі, каб яны былі ўлічаныя ў канчатковым варыянце мапы:

— Я адшукаў шмат насамрэч памылак, то бок яна яшчэ крыху недапрацаваная і хацелася б, каб гэта змянілі. Я так разумею, што гэта сустрэча дзеля гэтага таксама была зладжана. Таму, я думаю, што праблема вырашыцца, я якраз хачу паразмаўляць пра гэта.

Пасля дапрацоўкі і выпуску расейскамоўнай мапы, плануецца ейны пераклад на беларускую, польскую і ангельскую мовы. Праект рэалізуецца з фінансавай дапамогай Еўразвязу.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце