Берасцейцам прэзентуюць мапу роварных маршрутаў па горадзе і ваколіцах
Берасцейцам прэзентуюць мапу роварных маршрутаў па горадзе і ваколіцах. Пра гэта паведамляе афіцыйная Facebook-суполка інафармацыйна-асветніцкай установы „За вела Берасце”. Арганізацыя выступае за развіццё роварнай інфраструктуры, бяспечныя паездкі па горадзе і веласіпедны пагранпераход „Берасце-Цярэспаль”.
Каментуе дырэктар установы Уладзімір Красько:
— Сапраўды, наша мэта, глабальная мэта, якую мы перад сабой ставім, гэта развіццё турыстычнага руху. У прынцыпе, гэта толькі першы крок для таго, каб з’явіліся магчымасці ездзіць на ровары. Пасля гэтага ўзнікнуць іншыя пытанні.
Прэзентацыя роварнай мапы Берасця адбудзецца 22 жніўня ў 18:30 у прасторы „Экакластар” які знаходзіцца ў Тэхнапарку па адрасе: вуліца Піянерская, 52, 3 паверх. Мапа створана ў межах праекта „Развіццё гарадскога веласіпеднага руху ў інтарэсах грамадскасці Рэспублікі Беларусь”. Праект фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца ўстановай „Цэнтр экалагічных рашэнняў” сумесна з грамадскім аб’яднаннем „Мінскае веласіпеднае таварыства”.
Беларускае Радыё Рацы, Берасце