Берасцейцаў апраўдалі, іх скаргу разглядае Следчы камітэт
Берасцейцаў Аляксандра Зехава і Сяргея Каляду цалкам апраўдалі па двух артыкулах КаАП РБ. Маладзёнаў вінавацілі ў “непадпаракаванні супрацоўнікам міліцыі” і “знаходжанні ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане”, якое нібыта мела месца ля кавярні “Казка” 6 траўня. Зехаў і Каляда, у сваю чаргу, вінавацяць міліцыянтаў у супрацьзаконным збіцці, на што напісалі адпаведную скаргу ва Упраўленне следчага камітэта Берасцейскай вобласці. Той выпадак узгадвае Аляксандр Зехаў:
– Сяргей запытаўся, на якой падставе яны нас забралі. Яны адказалі: “Стойце, вам зараз будзе горш”. Сяргея білі нагамі, я атрымаў удар па твары – у выніку на ўвесь твар гематома і страсенне галавы. Пабіты, я сядзеў у клетцы, увесь твар быў у газавым балончыку, мяне не адпускалі памыць твар і не выклікалі хуткай дапамогі. Моцна кружылася галава, ванітавала. Калі я ехаў дадому, страціў прытомнасць. Лекары сказалі, што ў мяне моцнае страсенне галавы. А ў панядзелак мяне накіравалі ў рэанімацыю, дзе я быў 2 дні, а пасля ляжаў у шпіталі 13 дзён.
Зехаў і Каляда казалі, што білі іх у пастарунку “ля мантаны”, што ў мікрараёне Усход. Пасля здарэння маладыя людзі не разгубіліся і звярнуліся па дапамогу да мясцовых блогераў і ў СМІ, каб даць агалоску гэтай справе. Сярод берасцейцаў яна вядома як „Гісторыя з ракамі”. Берасцейскія праваабаронцы зараз сочаць за крымінальнай справай, якая была пачата Следчым камітэтам па скарзе Зехава і Каляды.
Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце