Берасцейцаў выклікаюць у „Следчы камітэт” за назіранне за выбарамі 2020
Валянцін Лазарэнкаў, Юры Жыдовіч, Дар’я Жураўская – і гэта няпоўны спіс асобаў, якіх ужо сёння, 4 студзеня, у Берасці выклікаюць у Следчы камітэт. Не выключана, што падставай стаў удзел у назіраннях за выбарамі ў 2020 годзе:
„Берасцейскім прадстаўнікам праваабарончай супольнасці вядома як мінімум пра тры выпадкі выкліку ў следчыя ворганы ў абласным цэнтры. Паведамляецца, што допыты пачаліся 3 студзеня і спланаваныя на першыя дні студзеня.
У прыватнасці ў Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь выкліканы прафсаюзны актывіст Валянцін Лазарэнкаў і грамадскі дзеяч Юры Жыдовіч, які ўдзельнічаў раней у некалькіх выбарчых кампаніях. Апошняму патлумачылі, што ён выкліканы ў якасці сведкі па справе па артыкула 342 часткі 2 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь або „Навучанне або іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, а таксама фінансаванне або іншае матэрыяльнае забеспячэнне такой дзейнасці”.
Дадаткова ў сацыяльных сетках пра выклік у Следчы камітэт падведаміла жыхарка Берасця Дар’я Жураўская, але падставы да выкліку ня ведае„.
Аліса Поль, Беларускае Радыё Рацыя