Берасцейцу прысудзілі 20 гадоў за 400 кг гашышу
Суд Ленінскага раёна Берасця 11 кастрычніка вынес прысуд 28-гадоваму жыхару Берасцейскага раёна за незаконны абарот наркатычных сродкаў і іх перамяшчэнне праз мяжу.
Як паведаміла БелаПАН памочнік пракурора Берасця Наталля Шастачук, якая падтрымлівала дзяржаўнае абвінавачанне па справе, 11 мая мужчына, які ехаў з Польшчы ў Беларусь, быў затрыманы ў пункце пропуску „Дамачава”. У аўтамабілі „Фольксваген”, якім ён кіраваў, быў знойдзены тайнік, дзе знаходзіліся брыкеты гашышу агульнай вагой 92 кг.
Папярэднім расследаваннем устаноўлена, што абвінавачваны дзейнічаў у складзе транснацыянальнай арганізаванай групы. Пасля ў іншым аўтамабілі, што знаходзіцца ў яго карыстанні, супрацоўнікі праваахоўных органаў канфіскавалі яшчэ 318 кг гашышу, які ён раней незаконна ўвёз у Беларусь.
Суд прызнаў мужчыну вінаватым у незаконным перамяшчэнні праз дзяржаўную мяжу наркатычных сродкаў у буйным памеры, здзейсненым паўторна, арганізаванай групай (ч. 3 арт. 328-1 КК), і незаконных з мэтай збыту набыцці, захоўванні і перавозцы наркатычных сродкаў арганізаванай групай у буйным памеры (ч. 4 арт. 328 КК).
Па сукупнасці злачынстваў фігуранту справы прызначана пакаранне ў выглядзе 20 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці.
Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны. Раней мужчына судзімы не быў.