Берасцейцу з БЧБ-сцягам на галаве прысудзілі суткі



Берасцейцу з БЧБ-сцягам на галаве Андрэю Прыстаўку 28 снежня прысудзілі 15 сутак за адзіночны пікет. Новы год актывіст, якога затрымлівалі ўжо сем разоў, сустрэне ў ІЧУ.

Андрэя затрымалі 24 снежня, калі ён выйшаў на адзіночны пікет са сцягам «Пагоня» насупраць аддзялення міліцыі ў Паўднёвым. Два дні ён правёў у ІЧУ, потым адбыўся суд і справа была адпраўлена на дапрацоўку, мужчыну адпусцілі. А раніцай 28 снежня яго зноў адвезлі ў суд, які вынес рашэнне — пакараць Прыстаўку 15 суткамі адміністрацыйнага арышту, а сцяг знішчыць.

Андрэй Прыстаўка — інжынер-праграміст. У інтэрв’ю «Брэсцкай газеце» ён расказваў, што ўпершыню актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцці краіны ён пачаў яшчэ ў 2011 годзе, калі выйшаў на маўклівую акцыю пратэсту. Тады берасцеец упершыню апынуўся і ў ІЧУ Ленінскага РАУС. Падчас выбараў гэтага года ён быў назіральнікам, потым не раз выходзіў на акцыі пратэсту, яго затрымлівалі. У кастрычніку, выйшаўшы з ІЧУ пасля 15 дзён арышту, Прыстаўка пафарбаваў валасы і бараду ў колеры нацыянальнага сцяга і цяпер увесь час знаходзіцца ў стане адзіночнага пікету.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота з сацыяльнай сеткі vk.com