Берасцейцы чакаюць перамен



За рэформы ў беларускай эканоміцы, ахове здароўя і на рынку працы выступаюць апытаныя на цэнтральных вуліцах Берасця грамадзяне. Яны лічаць, што краіне даўно патрэбныя перамены. Пытанне толькі ў тым, каб яны прывялі да зменаў у краіне ў пазітыўны бок. Па словах берасцейцаў, тыя рэформы і крокі, што прымаюцца на ўзроўні беларускай улады, незаўсёды падвышаюць іх узровень жыцця:

–  Стабільная сітуацыя ў краіне, нармальная зарплата. Няхай шчаслівыя людзі будуць. Каб нашым дзецям і ўнукам тут добра жылося. Каб не было таго, што зараз адбываецца ва Украіне.

–   Сітуацыя патрабуе зменаў. Зменаў ва ўсім: больш свабоды слова, паляпшэння эканомікі. І тут варта больш прыслухоўвацца да народа. І народ кажа, што хоча працаваць – а працы няма. Ды яшчэ апошніх пазбаўляюць працы.

Паводле аднаго з апытанняў Незалежнага інстытута сацыяльна-эканамічных і палітычных даследаванняў у межах сацыялагічнага даследававаня, апублікаванага на пачатку 2015 года, больш за палову беларусаў чакаюць пераменаў у жыцці краіны. У той жа час каля 30% лічаць, што такія перамены верагодныя, каля 14% – немагчымыя, каля 50% – малаверагодныя і каля 6% не знайшлі адказу на такое пытанне.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота realpolkovnik.ru