Берасцейцы далучыліся да „Маршаў недармаедаў” (абнаўляецца)
Нягледзячы на блакаванне невядомымі асобамі ў цывільным грамадскіх актывістаў, акцыя супраць дэкрэта “аб дармаедах” у Берасці адбылася. Мясцовыя праваабаронцы паведамляюць пра затрыманні журналістаў і лідараў акцыяў. Вялося пільнаванне журналістаў Міланы Харытонавай, Алеся Ляўчука і Максіма Хлябца.
Кажа прадстаўнік “Берасцейскай вясны” Уладзімір Вялічкін:
– Павел Кінчак сядзіць дома пад пільным наглядам асобаў у цывільным. Яго не выпускаюць, адмаўляюцца прадстаўляцца. У Кобрыні з мясцовага РАУСа адпусцілі грамадскіх актывістаў Аляксандра Меха і Васіля Андрэйчанку. Яны адмыслова ехалі сюды, але іх затрымалі. Аднак яны ўжо вызваленыя.
Таксама вядома, што пасля трэцяй па ліку акцыі ў Берасці невядомыя пачалі пераследаваць Паліну Шарэнду, якая была прамоўцам на мерапрыемстве. Па словах яе мужа Андрэя Шарэнды, у кватэру да іх спрабуюць трапіць міліцыянты. Аблога з кватэры Шарэндаў не знята ўжо трэція суткі.
«Немалыя сілы сілавых структур прыцягнуты да сям’і», – кажа Паліна Шарэнда, якая сёння была галоўным арганізатарам чарговай акцыі і змагла правесці 200 чалавек “Маршам недармаедаў” па вуліцы Савецкай у Берасці. Дадому яе даставілі на таксі і правялі да кватэры некаторыя з удзельнікаў акцыі.
Кажа Паліна Панасюк:
– На чатырох машынах стаяць і дзень, і ноч за прэміяльныя. Удзень – грукаюцца, уночы – сядзяць. Я не падыходжу да дзвярэй, не кантактую з імі. Бачна, што яны хочуць, каб 25-га ніхто не выйшаў. А мы паказалі, што рэпрэсіі нас не запалохалі.
Паводле Паліны Шарэнды, цяпер толькі ад жадання і смеласці людзей будзе залежаць крок да волі і дабрабыту. І, канешне, да адмены ганебных дэкрэтаў.
* * *
Каля сотні чалавек выйшла на чарговую (ужо трэцюю) акцыю супраць Дэкрэта №3 “аб дармаедстве” ў Берасці. Дэманстранты сабраліся на перасячэнні вуліцы Пушкінскай і плошчы Леніна а 12 гадзіне, саму ж плошчу і прылеглыя двары пільнавалі групы невядомых у цывільным. Яшчэ на падыходах да месца збору маладых людзей з заплечнікамі правяралі невядомыя ў цывільным, як кажуць сведкі, “на наяўнасць мегафона ў заплечніках”. Пра мэту сённяшняй акцыі кажа жыхарка Берасця Жанна:
– Прыйшла, бо я супраць гэтага дэкрэта. Я супраць таго, што адбываецца ў нашай краіне цягам 23 гадоў. Мяне абурылі нядаўнія выказванні Лукашэнкі па тэлебачанні, што паадкручваюць галовы 2-3 тысячам майданутых, а іншыя замаўчаць. Калі ён адкрыта так выказваецца пра сваіх грамадзян, то гэта ўжо пра многае гаворыць. Гэта сведчыць пра тое, як ставіцца ўлада да свайго народа.
Праз гадзіну пасля пачатку акцыі частка ўдзельнікаў у колькасці паўсотні чалавек рушыла вуліцамі Пушкінскай і Савецкай у кірунку кінатэатру “Беларусь”, а пазней – ЦУМа. У час шэсця дэманстранты скандавалі “Жыве Беларусь!”, “Не дэкрэту №3”, “Лукашэнка, сыходзь!”, “Баста!” і іншыя воклічы. Ніхто затрыманы не быў. У натоўпе, а пазней у калоне былі заўважаны бел-чырвона-белы сцяг, сімволіка Берасця і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”.
[Not a valid template]Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце
Фота аўтара
* * *
У Берасці таксама праходзіць сёння акцыя супраць дэкрэта аб «дармаедстве». Гэтая акцыя стыхійная, аргкамітэт кампаніі «Мы не дармаеды» не абвяшчаў, што яна мае адбыцца. Акцыя пакуль нешматлюдная – сабралася каля 50 чалавек.
Сярод жыхароў абласнога цэнтра на плошчы знаходзяцца мясцовыя палітыкі — кіраўнікі гарадской і абласной арганізацый Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ганна Канюс, Ігар Маслоўскі, Валянцін Лазарэнкаў. Наш карэспандэнт паведамляе, што адбываецца там:
– На скрыжаванні Пушкінскай і плошчы Леніна знаходзіцца каля 100 чалавек. На жаль, больш людзей не падыходзіць. У натоўпе па-ранейшаму знаходзяцца людзі ў цывільным. Між пратэстоўцамі і людзьмі ў цывільным перыядычна адбываюцца сутычкі. Калона зараз рушыла не ў кірунку гарвыканкама, а ў кірунку кінатэатра «Беларусь». У калоне гучаць лозунгі «НЕ дэкрэту №3» і «Лукашэнка сыходзь!». Таксама стала вядома, што былі затрыманы Сяргей Пятрухін і Зміцер Гарбуноў. Вядома, што з Кобрыньскага РАУС адпусцілі Алеся Меха.
Алесь Мех і Васіль Андрэюк былі затрыманы мясцовымі супрацоўнікамі міліцыі па надуманай прычыне: міліцыянты заявілі, што трэба праехаць у РАУС для праверкі машыны, якая нібыта знаходзіцца ў вышуку.
Не прайшло і месяца з дня апошняй акцыі ў абласным цэнтры, а жыхары горада зноў вырашылі сабрацца ў цэнтры горада, каб сказаць сваё НЕ падатку на «дармаедства» і эканамічнай палітыцы ўладаў.
Падобныя акцыі праходзяць у Бабруйску, Воршы, Рагачове.
Беларускае Радыё Рацыя