Берасцейцы дамагаюцца грамадскіх абмеркаванняў праекта завода АКБ



Група жыхароў Берасця і Берасцейскага раёна дамагаецца правядзення грамадскіх абмеркаванняў праекта акумулятарнага завода ТАА „АйПаўэр”.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, адпаведная калектыўная заява накіравана 10 студзеня ў Берасцейскі аблвыканкам, гарвыканкам, райвыканкам, а таксама ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Падставай стала размешчанае 30 снежня на шэрагу афіцыйных сайтаў, у тым ліку на сайце кампаніі 1AK-GROUP, у якую ўваходзіць „АйПаўэр”, паведамленне аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі па аб’екце будаўніцтва „Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр”.

У паведамленні гаворыцца, што прадметам грамадскай экалагічнай экспертызы з’яўляецца ўстанаўленне адпаведнасці або неадпаведнасці праектнай дакументацыі акумулятарнага завода патрабаванням заканадаўства аб ахове навакольнага асяроддзя i рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў.

Паводле слоў Кісляка, у накіраваным 10 студзеня ўладам дакуменце падпісанты заяўляюць, што ініцыяванне ТАА „АйПаўэр” грамадскай экалагічнай экспертызы без абвяшчэння грамадскіх слуханняў па гэтай праектнай дакументацыі з’яўляецца неправамерным і парушае грамадзянскія правы жыхароў рэгіёну.

Сваю пазіцыю яны аргументуюць тым, што ў адпаведнасці з палажэннем аб парадку правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы, зацверджаным пастановай Саўміна № 1592 ад 29.10.2010, „ініцыятары грамадскай экалагічнай экспертызы — зарэгістраваныя ў Рэспубліцы Беларусь грамадскія аб’яднанні, якія ажыццяўляюць дзейнасць у галіне аховы навакольнага асяроддзя, і (або) грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія ўносяць прапановы аб правядзенні грамадскай экалагічнай экспертызы”.

У адпаведнасці п. 6 гэтага палажэння, „для правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі ініцыятары на працягу дзесяці рабочых дзён з дня апублікавання ў сродках масавай інфармацыі паведамлення аб грамадскіх абмеркаваннях накіроўваюць заказчыку заяву аб намеры правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы”.

„Такім чынам, грамадская экалагічная экспертыза з’яўляецца неад’емнай часткай грамадскіх абмеркаванняў і праводзіцца выключна ў рамках такіх абмеркаванняў. Таксама ініцыятарам або заказчыкам грамадскай экалагічнай экспертызы не можа выступаць само прадпрыемства, якое ажыццяўляе будаўніцтва”, — падкрэсліваецца ў калектыўным заяве.

„З мэтай захавання законнасці і стварэння правамерных умоў для правядзення грамадскай экалагічнай экспертызы” падпісанты калектыўнай заявы патрабуюць аб’явіць і правесці ў 2020 годзе грамадскія абмеркаванні праектнай дакументацыі акумулятарнага завода.

„Кампанія „АйПаўэр” не можа выступаць заказчыкам грамадскай экалагічнай экспертызы. Яна і называецца грамадскай менавіта таму, што яе ініцыюе грамадскасць і праводзіцца яна павінна выключна ў межах грамадскіх абмеркаванняў”, — заявіў Кісляк.

Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр” пабудаваны на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у СЭЗ „Брэст”. На прадпрыемстве плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй. Жыхары Брэста і Брэсцкага раёна лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Актывісты выявілі шэраг парушэнняў пры рэалізацыі праекта і з 3 мая кругласутачна дзяжураць каля прадпрыемства.

У чэрвені Брэсцкі аблвыканкам прыпыніў будаўніцтва завода „да ліквідацыі выяўленых парушэнняў”, а абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прыпыніў дазвол прадпрыемству на выкід забруджвальных рэчываў у атмасферу.

У ліпені праект акумулятарнага завода пад Брэстам атрымаў адмоўнае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы. У Мінпрыроды паведамлялі, што прычынай адмоўнага заключэння стала падача недакладных дадзеных.

У жніўні праектная дакументацыя акумулятарнага завода была паўторна пададзена на дзяржаўную экалагічную экспертызу.

У верасні стала вядома, што кампанія „АйПаўэр” адклікала праектную дакументацыю акумулятарнага завода з дзяржаўнай экалагічнай экспертызы „па прычыне неабходнасці ўсебаковага і больш поўнага адлюстравання інфармацыі аб унесеных зменах”. Пасля ўнясення неабходных звестак „АйПаўэр” зноў падасць праектную дакументацыю на разгляд Мінпрыроды.

6 верасня Аляксандр Лукашэнка пры наведванні Брэсцкай крэпасці заявіў журналістам, што ён „на баку людзей”, занепакоеных праблемамі, звязанымі з будаўніцтвам і ўвядзеннем у эксплуатацыю ў Брэсце акумулятарнага завода. Кіраўнік дзяржавы сказаў, што калі акумулятарны завод у Брэсце будуць уводзіць у строй, то ён павінен адпавядаць усім экалагічным стандартам. Як лічыць Лукашэнка, неабходна даць права мясцоваму насельніцтву правесці сваю экспертызу. „Толькі яны будуць вырашаць, ці быць гэтаму заводу і якім будзе гэты завод”, — заявіў ён.

belapan.by