Берасцейцы патрабуюць адстаўкі кіраўнікоў рэгіёна



На імя Аляксандра Лукашэнкі 11 траўня накіраваны зварот жыхароў Берасця і Берасцкага раёна з просьбай вызваліць ад займаных пасад кіраўнікоў рэгіёну ў сувязі са стратай даверу.

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, пад гэтым дакументам падпісаліся 2.665 чалавек.

Паводле слоў Кісляка, у звароце гаворыцца, што мясцовыя чыноўнікі нядобрасумленна выконваюць свае службовыя абавязкі, ігнаруюць інтарэсы жыхароў і свядома заплюшчваюць вочы на шкоду, што прычыняецца навакольнаму асяроддзю і здароўю людзей. Пры іх прамым папушчальніцтве і бескантрольнасці з ТАА „Белінвестторг-Сплаў” у горадзе Белаазёрску Бярозаўскага раёна былі вывезены небяспечныя адходы, што ўтрымліваюць свінец і іншыя шкодныя элементы. Затым яны былі размешчаны на адкрытай пляцоўцы ў непасрэднай блізкасці ад пасёлка Зялёны Бор Івацэвіцкага раёна.

Адходы знаходзяцца там каля трох гадоў. Кіраўніцтва Берасцейскай вобласці пакідае па-за ўвагай патрабаванне мясцовых жыхароў прыбраць іх.

Акрамя таго, небяспечныя матэрыялы, якія змяшчаюць свінец, з прадпрыемства „Белінвестторг-Сплаў” прывезлі і складавалі ў Берасці. Пасля таго як пра гэта стала вядома грамадскасці, яны былі вывезены назад на прадпрыемства.

Пры гэтым жыхарам Берасця ніхто з чыноўнікаў не патлумачыў, што гэта за матэрыялы, чаму яны складаваліся ў Берасці і чаму іх вывезлі.

Падпісанты звяртаюць увагу Лукашэнкі на тое, што „Белінвестторг-Сплаў” уваходзіць у групу кампаній ПАК разам з ТАА „АйПаўэр”, якія будуюць пад Берасцем завод свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй поўнага цыкла.

Гэта прадпрыемства, лічаць грамадзяне, „нясе каласальную пагрозу навакольнаму асяроддзю Берасця і Берасцейскага раёна”. Яны заяўляюць, што завод пачалі будаваць без належнага апавяшчэння мясцовых жыхароў, іх меркаванне наконт гэтай будоўлі было праігнаравана.

У звароце падкрэсліваецца, што кіраўнікі мясцовых органаў улады павінны адказаць сваімі пасадамі за бяздзейнасць і прыкрыццё непрыстойных бізнесменаў, за ігнараванне інтарэсаў людзей, за тое, што жыццё і здароўе жыхароў рэгіёну яны ставяць на апошняе месца.

У сувязі з гэтым падпісанты просяць Лукашэнку вызваліць ад займаных пасад старшынь берасцейскіх аблвыканкама, гарвыканкама і райвыканкама.

Узвядзенне акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Берасце”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе плануецца наладзіць поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.

Жыхары Берасцейскага раёна і Берасця лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва завода былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта ў лютым. Аднак створаная ў сувязі з гэтым зваротам ўрадавая камісія не выявіла парушэнняў у рэалізацыі праекта па будаўніцтве завода.

27 сакавіка суд Маскоўскага раёна Берасця адмовіў у задавальненні іску грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр” і Берасцейскага райвыканкама. Істцы прасілі суд прыпыніць дзейнасць „АйПаўэра” па будаўніцтве завода да правядзення паўторнага грамадскага абмеркавання актуальнай справаздачы аб ацэнцы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. 6 красавіка істцы падалі дзве касацыйныя скаргі на гэта рашэнне ў Берасцейскі абласны суд.

16 красавіка праціўнікі будаўніцтва пачалі збор подпісаў за адхіленне ад пасад кіраўніцтва рэгіёну.

29 красавіка ў Берасце прайшоў санкцыянаваны ўладамі мітынг супраць будаўніцтва акумулятарнага завода „Брэстаўчанкі супраць свінцу”, на які сабралася каля дзвюх тысяч чалавек.

З 25 лютага кожную нядзелю на плошчу Леніна ў Берасці прыходзяць праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Яны стаяць групамі, размаўляюць, абмяркоўваюць навіны, звязаныя з будаўніцтвам прадпрыемства, кормяць галубоў.

belapan.by