Берасцейцы пра „Савушкин продукт”: Варта было б пісаць па-беларуску



Кампанія “Савушкин продукт” зладзіла фестываль “Облака свежего молока”. Берасцейскі вытворца малочных прадуктаў вядомы тым, што не выкарыстоўвае беларускую мову на ўпакоўцы, і гэта выклікае абурэнне ў часткі грамадства.

Некаторыя з берасцейцаў, наведвальнікаў фестываля чулі пра гэты скандал і схіляюцца да ўжывання беларускай мовы на прадукцыі:

– Гэта прадпрыемства даволі багатае, гэта цяпер модна, было б файна перакласці. Мне здаецца ім варта было б пісаць па-беларуску – гэта дадало б ім папулярнасці.

– Больш згубілі ў іміджы на гэтым скандале, чым выйгралі.

Але былі на фестывалі і людзі, якія мяркуюць што беларуская мова не патрэбная, бо большасць прадукцыі ідзе на рынак Мытнага саюза:

– Чулі гісторыю. Я нічога супраць не маю, калі б для ўнутранага рынку пісалі на беларускай мове. Яны ж стараюцца, каб лепш. Навошта, напрыклад, Казахстану беларуская мова?

Каб захаваць праўду, варта адзначыць, што казахская прадукцыя, якая ідзе на рынак Мытнага саюза, заўсёды падпісваецца на казахскай мове. Што датычыць фестывалю, то ні арганізатары, ні выступоўцы на ім зусім не выкарыстоўвалі беларускай мовы, нават на шыльдах. Выключэннем сталі два перасоўных шапікі ад мясцовых індывідуальных прадпрымальнікаў, на якіх родная мова была.

[Not a valid template]

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце