Берасцейцы пратэставалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода



Больш за 1000 берасцейцаў ля сцэны Парку воінаў-інтэрнацыяналістаў скандавалі “Не заводу!” на мітынгу “Берасцейкі супраць свінца”. Мітынгоўцы выступалі супраць будаўніцтва акумулятарнага завода кампаніяй “IPOWER” пад Берасцем, выказвалі недавер мясцовым уладам і кіраўніцтву вобласці, горада і раёна, якія далі дазвол на будоўлю, а таксама па шэрагу іншых экалагічных пытанняў.

Заяўку, якую адобрыў гарвыканкам, падавалі жанчыны, бо папярэдняя, ад мужчын, была адхілена, таму мітынг і меў такую назву. Кажа суарганізатарка мерапрыемства Лада Яраш:

– Мы запрашалі людзей і, канешне, спадзяваліся, што яны прыйдуць. І што прыйшло столькі народу – гэта вялікая радасць, таму што гэта дазволіць пасля мітынгу расказаць сваім знаёмым, суседзям пра небяспеку, якая нам пагражае. Таму што многія да гэтай пары не ведаюць. Сёння навукоўцы і дактары расказалі як гэта небяспечна. Адпіскі, якія мы атрымліваем, напісаны фактычна пад капірку, аднымі і тымі ж фразамі. Гэта ўжо гаворыць пра тое, што гэтае пытанне не ў парадку.

Удзельнікі мітынгу скандуюць:

– Не заводу! Не заводу!

Мерапыремства доўжылася каля дзвюх гадзінаў і напрыканцы яго была прынята рэзалюцыя з шэрагам пунктаў, асноўныя з якіх: спыненне будоўлі завода пад Берасцем, ліквідацыя ўжо існых звалак адкідаў, жорсткі экалагічны кантроль над дзейнасцю групы кампаніяў “ПАК”, які датычны будоўлі і звалак.

Вядоўцамі на мітынгу выступілі блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў, якія зазналі судовы пераслед у сувязі з асвятленнем сітуацыі вакол заводу.

[Not a valid template]

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце