Берасцейцы просяць не ўводзіць плату за перасячэнне мяжы
Больш за 3000 жыхароў падпісалі зварот з прапановай не ўводзіць збор для тых, хто перасякае мяжу на машыне ў Берасцейскай вобласці. Зварот быў ініцыяваны па просьбах жыхароў рэгіёну арганізацыяй „За свой горад”.
Абсалютная большасць падпісантаў з Берасцейскай вобласці, але шэраг грамадзян іншых рэгіёнаў з салідарнасці таксама падпісалі зварот, паведамляе прэс-служба арганізацыі „За свой горад”. У сувязі з тым, што частка падпісантаў пазначыла свае даныя не ў поўным аб’ёме, як таго патрабуе Закон РБ „Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, былі адпраўленыя 2400 электронных подпісаў.
«Дзяржаўная мяжа на тэрыторыі Берасцейскай вобласці мае агульную працягласць 600 км. (224 з Польшчай і 376 з Украінай). Да ўвядзення каранцінных мер штодня тысячы жыхароў вобласці перасякалі мяжу і, спадзяемся, будуць свабодна перасякаць у найбліжэйшай будучыні», — гаварыцца ў звароце.
На працягу тысячагадовай гісторыі тэрыторыя Берасцейскай вобласці ўваходзіла ў склад Кіеўскай Русі, Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Расейскай імперыі, дзе адсутнічалі межы нашага рэгіёну з суседнімі рэгіёнамі сучасных Польшчы і Украіны. За шматвяковы перыяд усталяваліся цесныя культурныя і эканамічныя сувязі з прыгранічнымі рэгіёнамі суседніх краін. Устанаўленне дадатковага збору будзе перашкаджаць культурнаму і эканамічнаму развіццю нашай вобласці, а таксама абмяжоўваць жыхароў вобласці ў рэалізацыі канстытуцыйнага права: свабодна пакідаць краіну.
„Сапраўды, Падатковы кодэкс дае права ўводзіць мясцовы збор на перасячэнне мяжы, але не абавязвае гэта рабіць дэпутатаў Берасцейскага абласнога Савета», — каментуе сітуацыю кіраўнік аналітычнага цэнтра арганізацыі «За свой горад» Ганна Канюс.
«Асноўнымі прынцыпамі Закона РБ „Аб мясцовым самакіраванні і самакіраванні” з’яўляюцца: абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, галоснасць і ўлік грамадскай думкі. Закон РБ „Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў” таксама загадвае дэпутатам свабодна выказваць сваё меркаванне і галасаваць, кіруючыся сваімі перакананнямі, улічваючы інтарэсы грамадзян і асаблівасці развіцця адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі. На наш погляд, увядзенне збору за перасячэнне мяжы будзе відавочна супярэчыць інтарэсам жыхароў памежжа і ісці ў разрэз грамадскай думкі», — дзеліцца сваім меркаваннем кіраўнік арганізацыі «За свой горад» Ігар Маслоўскі.
Нагадаем, з 1 студзеня 2021 года абласныя саветы дэпутатаў у Беларусі атрымалі права спаганяць плату за перасячэнне грамадзянамі межаў краіны. Плаціць павінны будуць кіроўцы аўтамабіляў масай да пяці тон і ўмяшчальнасцю да васьмі пасажыраў.
Такая плата ўжо спаганяецца ў Гарадзенскай вобласці. Усе, хто збярэцца выехаць з краіны на машыне праз наземныя пункты пропуску Гродзенскай вобласці, павінны будуць аплаціць збор у памеры адной базавай (29 BYN). Усе сабраныя грошы «пойдуць на папярэджанне і барацьбу з каронавіруснай інфекцыяй».
Вызваляюцца ад платы тыя, хто едзе на пахаванне членаў сям’і і блізкіх сваякоў, удзельнікі ВАВ, інваліды I і II групы і іх суправаджаючыя, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Акрамя таго, не трэба аплачваць збор тым, хто збіраецца на лячэнне ў санаторыі. Для пацверджання падстаў патрэбныя адпаведныя дакументы. Правяраць іх будуць у пунктах пропуску. Між тым, як распавёў Sputniku старшыня абласнога Савета дэпутатаў Юрый Наркевіч, пытанне аб увядзенні грашовага збору пры выездзе за мяжу з тэрыторыі Берасцейскай вобласці пакуль не разглядалася, піша brestcity.com. «Мы гэтае пытанне яшчэ вывучаем. Але пакуль ніякіх рашэнняў не прымалі, і ў бліжэйшы час прымаць не плануем», — сказаў ён.