Берасцейцы ўшануюць памяць Алеся Чаркашына



Паплечнікі і сябры Алеся Чаркашына, берасцейскага добраахвотніка, які загінуў на ўсходзе Украіны, а таксама грамадзянская супольнасць рыхтуюць праект помніка. Імаверна, яго стварэннем зоймецца скульптар Гэнік Лойка, але пасля ўзгаднення са сваякамі і беларускімі ды ўкраінскімі сябрамі Алеся. Словы падзякі ад родных за дапамогу выказвае ягоны брат Ігар:

– Па-першае, хачу выказаць падзяку ўсім, хто браў удзел, хто падтрымліваў і сэрцам, і душой, і фінансамі. Вялікі дзякуй проста ўсім ад чыстага сэрца. І нізкі паклон ад усёй сям’і Алеся. Як кажуць, памяць – гэта ўсё, што засталося. І трэба захоўваць у сэрцы усе ўспаміны.

Нагодаю выказаць словы падзякі стала перадача памятнага кампакт-дыска ў Берасце ад менскіх паплечнікаў Алеся Чаркашына, які быў прэзентаваны амаль месяцам раней у сталіцы. Сям’я Алеся пакуль не скардзіцца на турбаванні, падтрымлівае сувязь з ягонымі сябрамі як з Беларусі, так і з Украіны.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце