„Берасцейцы, вамі натхняецца ўся наша краіна!”
Адкрыты зварот да берасцейцаў-змагароў супраць завода АКБ ды ініцыятывы «StopZavod» з’явіўся ў тэлеграм-канале «Маладога Фронту»:
«Шаноўныя берасцейцы!
Зараз вы вядзеце барацьбу супраць таксічнага акумулятарнага заводу. На вас глядзіць і натхняецца ўся наша краіна.
Сёння пытанне экалогіі вельмі востра стаіць не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.
Чаму гэта настолькі важна для ўсіх беларусаў?:
1. Прадукцыя сельскай гаспадаркі Берасцейшчыны разыходзіцца па ўсёй краіне, і калі гэтая прадукцыя будзе забруджана, – цярпець будуць не толькі берасцейцы, але і наш народ агулам;
2. Свінец, назапашаны ў касцях, трапляе ў кроў падчас цяжарнасці і становіцца крыніцай дзеяння на развіццё плода. Уплыў высокага ўзроўню свінцу на цяжарных жанчын можа выклікаць выкідкі, мёртванараджэнні, заўчасныя роды, нізкую вагу дзіцяці пры нараджэнні.
Яшчэ больш нізкая нараджальнасць – літаральная смерць для Беларусі ў сучасных рэаліях;
Так склалася, што вам выпала доля быць флагманам гэтага змагання.
Вы далі годны прыклад іншым супольнасцям ды актывістам, паказалі як трэба змагацца сапраўды эфектыўна, на карысць беларускага грамадства і самае галоўнае – нашай з вамі будучыні ды будучыні нашага краю. Гонар вам і павага!
Таму мы заклікаем неабыякавую берасцейскую моладзь далучацца да „Свінцовай варты”, «кармлення галубоў» ды штонядзельнага „Свінцовага шляху”, бо толькі разам мы здольныя перамагчы!
Жыве Беларусь!» – чытаем у звароце „Маладога Фронту”.