Берасцейцы вечарынай адзначылі Дзень роднай мовы



Музычна-літаратурнай вечарынай „Хутка вясна” берасцейцы адзначылі Міжнародны дзень роднай мовы. Гасцямі сустрэчы былі барды Алесь Камоцкі і Алеся Сівохіна, а таксама пісьменніца і ўраджэнка Берасця Наталка Харытанюк. Аўтарка кнігі „Казкі старога Адамкова” падзялілася сваім бачаннем далейшага лёсу беларускай мовы:

– Безумоўна, калі б дзяржава рабіла нейкія высілкі, калі б гэта была свядомая палітыка, то гэта было б проста шыкоўна. Але я вельмі аптымістычна настроена на лёс беларускай мовы. Калі яе ўсё яшчэ не задушылі, значыць яна ўсё роўна будзе жыць. І такія пазітыўныя змены бачыш, хоць і вельмі сумны кантэкст. Я ў 15 гадоў перайшла на беларускую мову, прачытаўшы Караткевіча.

Акрамя музычна-літаратурнай часткі, наведвальнікі паспрабавалі свае сілы і ў частцы практычнай. Яны праверылі свой узровень валодання беларускай мовай, выконваючы моўныя заданні. Мерапрыемства адбылося на сядзібе і пры падтрымцы агенцтва рэгіянальнага развіцця „Дзедзіч” і кампаніі „Будзьма беларусамі”.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце