Берасцейцы запісалі кліп супраць будаўніцтва акумулятарнага завода
Жыхары Берасця знялі кліп з мэтай прыцягнуць увагу да пратэсту ў сувязі з будаўніцтвам акумулятарнага завода.
17 сакавіка кліп прадстаўлены ў youtube-праекце „Народны рэпарцёр”. Гэта версія на музыку песні „Жыць” Ігара Мацвіенкі з народным тэкстам пратэсту супраць будаўніцтва завода (https://www.youtube.com/watch?v=Orqtp0fL-LE&feature=youtu.be).
Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Раман Кісляк, першая спроба запісаць такі кліп была сарваная: людзі, з якімі былі дасягнуты дамоўленасці, літаральна ў апошні момант адмовіліся працаваць.
„Хутчэй за ўсё, улады даведаліся аб гэтай ідэі і аказалі націск, каб сарваць стварэнне гэтага кліпа. І толькі другая спроба аказалася ўдалай, — сказаў Кісляк. — Гэта яшчэ раз пацвярджае: чыноўнікі баяцца распаўсюджання пратэсту супраць акумулятарнага завода”.
У стварэнні кліпа прымалі ўдзел берасцейскія вакалісты і музыканты, жыхары горада. „Людзі і ў такой форме спрабуюць данесці да ўладаў тое, што не хочуць жыць побач з гэтым небяспечным для здароўя прадпрыемствам”, — падкрэсліў праваабаронца. За некалькі гадзін у кліпа ўжо больш за 5,5 тысячы праглядаў.
Будаўніцтва акумулятарнага завода пачалося на прамысловай пляцоўцы „Аэрапорт” у свабоднай эканамічнай зоне „Брэст”. Будуе прадпрыемства ТАА „АйПаўэр” — рэзідэнт СЭЗ. Падрадчык будаўніцтва — кітайскае ТАА „Аньхойская знешнеэканамічная будаўнічая карпарацыя”. На заводзе будзе наладжаны поўны цыкл вытворчасці свінцова-кіслотных акумулятарных батарэй.
Жыхары лічаць, што прадпрыемства пагражае іх здароўю. Сабрана амаль 37 тыс. подпісаў супраць будаўніцтва, якія былі перададзеныя ў Адміністрацыю прэзідэнта 22 лютага.
27 лютага ў судзе Маскоўскага раёна Берасця пачаўся разгляд іску групы грамадзян і грамадскага аб’яднання „Экадом” да ТАА „АйПаўэр”.
З 25 лютага кожную нядзелю праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода прыходзяць на плошчу Леніна ў Берасці і абмяркоўваюць свае далейшыя дзеянні.
15 сакавіка ў Берасцейскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне мітынгу супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.
16 сакавіка ў Берасцейскім аблвыканкаме прайшла сустрэча з насельніцтвам камісіі, створанай пасля калектыўнага звароту ў Адміністрацыю прэзідэнта супраць будаўніцтва акумулятарнага завода.