Берасцейцы змагаюцца за дазвол перасякаць мяжу на роварах
На пунктах пропуску беларуска-польскага памежжа адсутнічае магчымасць праезду на ровары без узгаднення з памежнікамі абедзвюх краін. Праехаць такім чынам мяжу можна толькі пры пасярэдніцтве грамадскай або турыстычнай арганізацыі ў складзе групы, папярэдне прайшоўшы праз доўгатэрміновыя працэдуры, зазначае кіраўнік кампаніі „За вела Берасце” Уладзімір Красько:
– Звычайныя разварысты, якія, напрыклад, сабраліся з’ездзіць у Бяла Падляску, сутыкнуліся з праблемай таго, што для іх, калі яны не прадстаўляюць нейкую арганізацыю, калі яны не з’яўляюцца сябрамі роварнага клуба, для іх магчымасць пераехаць на ровары праз мяжу адсутнічае цалкам. Ім прыйдзецца ці перавозіць ровар на машыне ці ў разабраным выглядзе на цягніку.
Зараз роварныя актывісты горада разам з польскімі калегамі ўзнялі гэтую праблему ды пачалі грамадска-інфармацыйную кампанію па скасаванні бюракратычных перашкодаў падчас пераезду роварам праз мяжу. Вырашэнне гэтай праблемы безумоўна станоўча паўплывае на транспамежны турыстыны рух, мяркуе Уладзімір Красько.
Аляксандр Вёнцэк
Нават калі такая магчымасць з’явіцца на памежным пераходзе Цярэспаль-Берасце, для польскіх раварыстаў пераезд беларуска-польскай мяжы застанецца праблемай. Такую думку выказаў асістэнт прэзідэнта Любліна па справах раварыстаў Аляксандр Вёнцэк падчас сустрэчы з роварнымі актывістамі з Берасця:
– У выпадку жыхароў Любліна на жаль існуе неабходнасць двухразовай паездкі ў беларускае консульства, які знаходзіцца ў Бяла Падлясцы. Трэба спачатку падаць дакументы, а пазней іх атрымаць і ўжо пасля гэтага ехаць. Апроч гэтага выдаткі, што ў выпадку выездаў у выходныя з’яўляецца вельмі вялікай праблемай.
Раварысты Любліншчыны ды прадстаўнікі роварных клубаў прыязна ставяцца да ідэі дэбюракратызацыі правілаў пераезду на роварах праз памежныя пункты Беларусі ды Польшчы. Памежнікі тлумачаць сітуацыю адсутнасцю адпаведнай інфраструктуры. Хаця практыка пераезду раварыстаў паміж Украінай ды Польшчай паказвае адваротнае, зазначае Аляксандр Вёнцэк.
Берасцейскія актывісткі кампаніі „На ровары без межаў” наведалі пяць гарадоў Люблінскага ваяводства Польшчы. У Бяла Падлясцы, Любартуве, Мендзырэчу Падляскім, Радзыню Падляшскім ды самім Любліне яны сустрэліся з партнёрскімі роварнымі арганізацыямі, СМІ ды мясцовымі ўладамі, параўналі роварную інфраструктуру.
Удзельніца рэйду Алеся Ярошчык заўважыла, што ўзровень камфорту і бяспекі для аматараў ровараў у Польшчы значна вышэйшы:
– Нягледзячы на тое, што ў Берасці з кожным месяцам раварыстаў усё больш і больш, я лічу, што ў Любліне аднак больш. І не толькі ў Любліне, я б сказала, што ў гарадах, якія мы ўжо аб’язджалі, цікава бачыць сталых людзей, каму за 50-60, яны на роварах у крамы ездзяць.
Падчас паездкі актывісткі збіралі подпісы пад зваротам да памежных установаў абедзвюх краін, з прашэннем пра скасаванне бюракратычных працэдур у атрыманні дазволу на пераезд ровам праз памежны пераход Цярэспаль-Берасце. Таксама яны здымалі відэа са зваротамі раварыстаў Любліншчыны да мясцовых уладаў у падтрымку акцыі.
Цяпер чакаем у госці з візітам раварыстаў з Польшчы, каб яны параўналі роварную інфраструктуру Берасця, паведамілі прадстаўнікі кампаніі „На ровары без межаў”.
Беларускае Радыё Рацыя