Берасцейцы знайшлі спосаб эканоміць на праездзе



Берасцейцы праз адмысловую суполку Укантакце “Контролеры-ревизоры БРЕСТ” адсочваюць наяўнасць і перамяшчэнне кантралёраў на гарадскім пасажырскім транспарце. Дзякуючы ёй падпісанты, якіх ужо амаль 30 000, вырашаюць: плаціць альбо не за праезд.

Сваё стаўленне да такой ініцыятывы выказваюць самі пасажыры:

– Калі студэнты і школьнікі мелі права ездзіць бясплатна на грамадскім транспарце, то, у прынцыпе, у гэтым не было сэнсу. А цяпер то канешне. Перыядычна карыстаюся гэтым.

– Каб білецікі не купляць.

– Каб людзям было прасцей.

– Камусьці дорага ездзіць.

– Не ведаю, чаму гэтая суполка паўстала, але не вельмі станоўча гэта. За праезд усё роўна плаціць трэба. З гэтых грошай хіба што ўпарадкаванне аўтобуснага і тралейбуснага парка залежыць.

Вядома, што аналагаў суполкі, прынамсі пад такой назвай, для іншых гарадоў Беларусі няма. Таксама дакладна невядома, што сталася асноўнай прычынай яе стварэння: рост тарыфаў на праезд, адмена льготаў ці нізкія заробкі ў Берасці. Сваё меркаванне выказвае жыхар горада і актыўны ўдзельнік акцыяў пратэсту супраць адмены льготаў напрыканцы 2000-х Яўген Скрабутан:

– Суполка – абсалютна адэкватны адказ на адмену льготаў пэўным катэгорыям людзей, такім як пенсіянеры, студэнты. І натуральна, што людзі гэтым карыстаюцца. Невысокія заробкі ўсё ж не дазваляюць берасцейцам нават такія кошты аплочваць. Таму ўзнікаюць такія суполкі, розныя мабільныя праграмы, якія дазваляюць сачыць, дзе знаходзяцца кантралёры, і такім чынам эканомяць грошы.

Тым часам тарыфы на праезд чарговы раз выраслі. Гэтак квіток на адну паездку ў гарадскім пасажырскім транспарце ў Берасці зараз складае 50 капеек, а калі купляць у кіроўцы тралейбуса ці аўтобуса – 60. Падвышэнне датычылася і шматразовых праязных дакументаў.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота аўтара