Берасцейцы зноў выйшлі на плошчу супраць акумулятарнага завода



Жыхары Берасця чарговы раз выйшлі на плошчу супраць акумулятарнага завода. Людзі кормяць галубоў у знак пратэсту супраць запуску акумулятарнага завода, паведамляе телеграм-канал «Баста».

Згодна са звесткамі праваабаронцы Уладзіміра Вялічкіна, у 12.40 на плошчы знаходзілася 215 чалавек. Людзі абмяркоўвалі змешчанае 1 лютага на сайце Берасцейскага аблвыканкама паведамленне, што рэспубліканскім цэнтрам дзяржаўнай экалагічнай экспертызы зацверджанае станоўчае заключэнне дзяржаўнай экалагічнай экспертызы праектнай дакументацыі „Акумулятарны завод ТАА „АйПаўэр”.

У паведамленні гаворыцца, што „гэтае заключэнне распаўсюджваецца на рашэнні, прынятыя ў межах унясення зменаў у будаўнічы праект. Унесеныя змены звязаныя з удакладненнем і дэталізацыяй уздзеяння аб’екта на навакольнае асяроддзе, у тым ліку на падставе пашпартных звестак на канкрэтнае абсталяванне. Унесеныя змены не прывялі да кардынальных зменаў праекта.

Пры правядзенні дзяржаўнай экалагічнай экспертызы ўстаноўлена, што рашэнні, якія змяшчаюцца ў праекце, адпавядаюць патрабаванням: заканадаўства аб ахове атмасфернага паветра, заканадаўства аб ахове і выкарыстанні жывёльнага свету, заканадаўства аб ахове і выкарыстанні зямель, заканадаўства аб ахове і выкарыстанні нетраў, заканадаўства аб абыходжанні з адходамі, заканадаўства аб дзяржаўнай экалагічнай экспертызе”.

Актывіст Дзмітрый Бекалюк заявіў, што людзей гэта не супакоіла. Ён мяркуе, што паўторнай экспертызай „фактычна ўзаконеныя парушэнні, выяўленыя актывістамі ў праекце”. Бекалюк паведаміў, што ім да гэтага часу не пададзеныя вынікі паўторнай экспертызы, і яны, лічыць актывіст, не будуць пададзеныя, „каб людзі не ўбачылі парушэнняў”.

Праціўнікі будаўніцтва завода падчас сённяшняй сустрэчы на плошчы заяўлялі, што настроеныя працягваць кампанію і „рабіць іншыя дзеянні”. „Мы свае далейшыя крокі зараз афішаваць не будзем”, — патлумачыў актывіст Дзям’ян Лепясевіч.

Акцыі пратэсту праходзяць на плошчы Леніна ў цэнтры горада кожную нядзелю ўжо больш за год. У пачатку 2018-га ў Берасці разгарнулася кампанія супраць з’яўлення ў Свабоднай эканамічнай зоне «Брэст» акумулятарнага завода «АйПауэр». На працягу ўсяго гэтага часу ініцыятыўная група берасцейцаў і жыхароў раёна, а таксама яе прыхільнікі ўвесь час кажуць пра шматлікія парушэнні на розных этапах рэалізацыі праекта. Прадстаўнікі завода, прыродаахоўных арганізацый і чыноўнікі запэўніваюць, што асцярогі марныя і парушэнняў няма.

БелаПАН