Берасцейцы звяртаюцца па дапамогу ў незалежны прафсаюз
Звыш 200 зваротаў сёлета атрымалі ў Берасці прадстаўнікі грамадскай прыёмнай незалежнага прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці. Пра гэта паведаміў юрыст арганізацыі Уладзімір Малей. Пераважная большасць жыхароў рэгіёна звярталася па дапамогу ў складанні скаргаў і напісанні зваротаў у суд. Пры гэтым працоўныя часцей агучваць свае пытанні на асабістым прыёме, чым па тэлефоне, распавёў эксперт:
– І асабліва шмат зараз званкоў па пенсійным забеспячэнні. Не так даўно звярнулася жанчына, каб прызначылі ёй пенсію, бо мае 55 гадоў. А ў яе страхавога стажу 12 гадоў. І вось ёй пішуць, што яна можа звярнуцца праз год, калі дасягне 15 гадоў страхавога стажу. А ўжо з 2017 года, аказваецца, трэба мець 16 гадоў страхавога стажу.
Паводле юрыста, значная частка пытанняў да незалежнага прафсаюза звязана з сацыяльнымі выплатамі і не своечасовай выплатай заробкаў.
Беларускае Радыё Рацыя, Берасце