Берніковіча прывезлі ў суд і адразу адпусцілі. Ноч ён правёў у пастарунку



Нечакана для ўсіх 24 жніўня ўвечары з будынка суда адпусцілі Яраслава Берніковіча. Туды яго прывезлі міліцыянты ў суд разам са справай, якую на яго завялі. Грамадскага актывіста затрымала міліцыя 23 жніўня пасля вечаровай акцыі. У Глыбоцкім РАУСе мужчына прасядзеў амаль суткі і за гэты час яго паспелі 5 раз распрануць і адзін раз пакарміць.

 

Як кажа Яраслаў Берніковіч, яго дзесьці каля 16.00 прывезлі ў суд і амаль адразу адпусцілі, гэтаму здзівіліся нават самі міліцыянты.

– Прывезлі ў суд. Там пачалі сазвоньвацца. А затым сказалі, распішыся, свабодны, выклічам позвай.

У гэты ж дзень на 15.00  у Глыбоцкі РАУС выклікалі і Людмілу Барэйку з Глыбокага. На яе таксама склалі пратакол і адпусцілі.

– Частка 3 артыкул 23.34.

РР: Атрымліваецца, гэта другі пратакол?

– Другі.

РР: А хто складаў?

– Шнітко Артур.

РР: І што яны сказалі? Вось пратакол склалі і чакайце суда?

– Так. Там напісана, што мне вядома, што будзе прыслана позва. Я кажу: а мітынгі будуць адбывацца. Пытаецца: а вы будзеце выступаць? Я кажу: калі будуць збірацца людзі, я буду выступаць.

Як кажуць глыбоцкія актывісты, яны і надалей будуць працягваць наведваць мірныя акцыі. Пакуль іх не запужалі.

А вось журналіст-фрылансер з Глыбокага Зміцер Лупач, які супрацоўнічае з “Белсатам”,  вырашыў часова адпачыць ад рэжыму і з’ехаў з Беларусі.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя