Беспарадкі на Паўднёвым рынку Гародні (абноўлена)
Некалькі сотняў прадпрымальнікаў Паўднёвага рынка абурыліся дзеяннямі падатковых інспектараў. Ад самай раніцы на рынку ў Гародні адбыўся канфлікт паміж падатковымі інспектарамі і прадпрымальнікамі.
Каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» па Гарадзенскай вобласці Мікола Баўсюк адзначае, што на рынку было 300-400 прадпрымальнікаў, якія спрабавалі абараніць калегу. Прычына канфлікту – раптоўная праверка падатковай інспекцыяй прадпрымальніка, які гандлёваў джынсамі.
– Ведаю, што іх многа было, акупавалі ўвесь рынак, правяралі, у людзей забіралі тавар. Рынак напалову быў непрацоўны, дзень аптовы, заўсёды ў гэты дзень шмат людзей, а зараз людзей было мала. Правяралі, хто каму выпісвае-невыпісвае накладныя. Спынялі нават людзей, якія ехалі, купіўшы тавары, каб былі накладныя. Грошы ім патрэбныя, грошай няма ў бюджэце.
Міліцыя ўсяляк спрабавала супакоіць людзей і растлумачыць сітуацыю. Супрацоўнік міліцыі адзначыў адсутнасць парушэнняў з боку правяраючых органаў, а людзі патрабавалі паказаць прадпісанне. Відавочцы распавядалі аб з’яўленні людзей у цывільным, якія здымалі ўсіх на камеры. Затым супрацоўнікі міліцыі забралі прадпрымальніка, у якога выявілі парушэнні ў гандлі джынсамі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
На Паўднёвым рынку каля 300 прадпрымальнікаў абурыліся дзеяннямі падаткавікоў, на месца выехала міліцыя, паведамляе www.015.by.
Сёння, 3 лютага, каля 7.30 на Паўднёвым рынку адбыўся канфлікт паміж падатковымі інспектарамі і прадпрымальнікамі.
Як паведамляюць відавочцы, на рынку сабралася каля 300-400 чалавек. Прычынай канфлікту стала раптоўная праверка падатковай інспекцыяй прадпрымальніка, які гандлюе джынсамі. Натоўп пачаў збірацца і гучна абурацца пасля таго, як падатковая, выявіўшы парушэнні, прыняла рашэнне канфіскаваць тавар. Паводле непацверджанай інфармацыі, падатковыя інспектары не падалі прадпісанне для правядзення праверкі.
На месца здарэння была выклікана міліцыя. Калі першы нарад міліцыі падышоў да будкі, гарадзенцы пачалі гучна пляскаць і крычаць, каб яны арыштавалі падатковых інспектараў. Прадпрымальнікі закрылі гандлёвыя кропкі і пачалі абурацца, што ім не даюць нармальна працаваць. Супрацоўнікі міліцыі спрабавалі супакоіць людзей і растлумачыць сітуацыю.
Відавочцы расказваюць пра людзей у цывільным, якія здымалі ўсіх на камеры. Каля 10.20 супрацоўнікі міліцыі адвялі прадпрымальніка, у якога выявілі парушэнні ў гандлі джынсамі. Людзі разышліся. Па чутках, парушэнні былі выяўленыя не ў продажы джынсаў, а ў продажы куртак – прадпрымальнік не змог паказаць дакументы, якія сведчаць пра іх куплю.
Фота 015.by