Бесперспектыўныя Лукашы галасуюць за Лукашэнку (абноўлена)



Калі звярнуць з аўтабану Менск-Гародня ўкірунку Малявак, патрапляеш на пыльны ўлетку жвір, што праз кіламетраў дзесяць прыводзіць да развалаў былога прыпынку. Ня гледзячы на неаднаразовыя звароты да ўладаў, аўтобусы і сёлета не будуць даходзіць да Лукашоў. У ёй засталіся, у асноўным, бабулькі і дзядулькі, якія ізноў узімку будуць адрэзаныя д навакольнага свету. І гэта не адзіная праблема тутэйшых.

Дашчанская: 40 кілямэтраў ад Менску, але ж нашу вёску лічаць неперспектыўнай. Дык яе ўсе закінулі… Трэба б пісаць, але мы не любім пісаніны…

РР: З вёскі Лукашы – Лукашэнку варта б пісаць…

Дашчанская: Гэта мы смяяліся – каб Лукашэнка бачыў, дык павыганяў ўсіх нашых начальнікаў, як без вады гаруем ды без усяго…”

І 69-гадовая былая загадчыца фэрмы Ганна Якаўлеўна Дашчанская, і астатнія жыхары вёскі Лукашы Гараньскага сельсавета Менскага раёна спраўна галасуюць за цяперашняга прэзідэнта. Але насамрэч мала спадзяюцца, што ён калісці іх убачыць ды пачуе, хоць паходжанне назову паселішча роднаснае ягонаму прозвішчу. Здаецца, на лукашоўцаў забыліся нават іншыя гаранцы – геаграфічна жыхары найвышэйшай мясцовасьці Менскага раёна.

Дашчанская: Для старых невыносна цяжка – крынічка ад нас, як замераць, дык паўкілямэтра ісці. А ўзімку завалісся, разальеш вады неаднаразова, плачаш – плачаш… Ногі баляць… Каб многа людзей, дык дарога была б таптаная. А курам даць, бялізну пасціраць, дык шкадуеш вады. Аж душа баліць – во   кветачкі просяць піць – а чым іх паліць?! А выкапаць у нас –надта глыбока…

Глыбіня калодзежаў на Гараньшчыне  дасягае 70 і болей мэтраў. Зрэшты, прырода падаравала лукашоўцам празрыстую крыніцу, што выходзіць на паверхню. Дарога да яе добра выяўляе ўзровень закінутасці ды занядбанасці. Спытваю, ці часта мруць людзі?

Дашчанская: Во сёлета чатыры чалавекі. Пярод вялікая вёска была, а цяпер паўсотні няма…

РР: А добры конь ёсць у Лукашах?”

Дашчанская: Хай яны падохнуць усе! Тут толькі ў Лёнькі зараз…

Маё апошняе пытанне невыпадковае. Лёня, ці Лявон Ляшукевіч, з-за свайго папярэдняга наравістага каня страціў брата. Жывёла раптоўна панесла, перакуліла воз, у выніку чаго той ударыўся галавой ды атрымаў смяротную гематому. Лявон жа, 55-гадовы былы млынар ды добраахвотны ахоўнік крыніцы, якая фактычна ў яго на заднім двары, мусіць працаваць качагарам за млн 100. Лічыцца адным з “маладзейшых” у Лукашах. Глядзім разам на перакошаныя хаты, парканы, што хутка заваляцца – вёска памірае?

Лявон: Так! Удвох засталося, што робяць…

РР: А што так давяло Лукашы?

Лявон: Тутака быў саўгас Энгэльса. Да СВК “Цяжкава” прыхінулі – вялікая гаспадарка стала. Людзей туды-сюды, вось яны і пайшлі на бакі –дзе заробак  ўстройваў. А зараз крыху і тут плацяць, як пасяўная – а што ж, няма нікога…

Як аказалася, гадзінамі седзячы на ганку, Лявон думае і на палітычныя тэмы – прынамсі, пра будучыя прэзідэнцкія выбары, на якіх пакуль плануе галасаваць усё за таго ж Аляксандра Лукашэнку. Разважае:

Лявон: А за каго?! Ён ужо колькі ўзяў-скраў. А кожным разам галасаваць па-новаму за новага? Другі будзе кішэні набіваць, што не так?! А гэты ўжо нікуды не палезе. Як дэпутатаў гэтых у сельсавет выбіралі, дык яны год-два што сабе пабралі і далоў…

РР: Ну а колькі Лукашы пратрымаюцца па-твойму?

Лявон: Ну колькі людзі будуць жыць, іх жа не вышыбіць нікуды…

Сапраўды – ну куды пайсьці адзінокай, але няўрымслівай 78-гадовай цётцы  Соф”і Мякінік, якую самі вяскоўцы называюць “спрытнай”? Застаў на печы, адкуль яна, пабачыўшы госця, спрытна саскочыла – ледзьве паспеў падхапіць. І адразу залапатала:

Цётка Соня: Спрытная была, што каняка такая. Бабы абмаўлялі – прыдуць на сіласную яму, стрэхі абапіраюць, а я раблю. А калі я пайшла на пенсію, дык самы збеглі, як Сонькі не стала – не хочуць працаваць. Канём во ніхто не дапаможа. Тут у нас аграном доўга жыў. Паскардзілася яму. Дык ён – хай сыны рыдлёўкамі капаюць. Хай цябе закапаюць! Як я рабіла да 8-мі вечара на бураках, прыходжу да хаты – яшчэ ўся гаспадарка!

У цётцы Соні невыказны боль – сын на працы пазбавіўся вока. Сама, зрэшты, напярэдадні атрымала траўму рукі ад мужа, якога пры жыцці называла “немцам”. Чаму, цётка Соня?

Цётка Соня: Бо благі быў, вар”ят.  Ён з маладосьці піў. Кожны дзень у нас вайна – маўчу, у падушку галаву ўсуну, ані разу ў міліцыю не звярнулася. Руку мне скурожыў– вядро як схапіў, як бахнуў!  

Гасцінная цётка Соня доўга наракала пры развітанні, што фізічна не можа прыняць, як след, менскіх гасцей. І доўга крычала ўслед…

Цётка Соня: “Шчасліва, перахрышчу вам дарогу!

З іншымі жыхарамі Лукашоў гутару пра цяперашняе быццё. Спадарыні Зінаіда Шляпіна ды Алена Гупаловіч:

Спадарыні: Пра тое, што Лукашы неперспектыўная дзярэўня, сказалі нават  электрыкі, бо ў нас слупы стаяць яшчэ драўляныя і нецэмэнтаваныя. Які вецер – святло знікае. Хоць бы раз у месяц смецце забралі!  Ну пэнсію яшчэ даюць, аўталаўка раз на тыдзень прыходзіць. І наконт сабак – учора за пятку схапіла. Не прайсці па вуліцы – бегаюць галодныя, непрытульныя, вёску так пратопчуць, як самазвалы, што ня трэба чысціць!

Падыходзіць 32-гадовы Аляксандр  Гіль, высокі, плячысты, другі год у Лукашах, пераехаў з Менску. Тлумачыць:

Гіль: Бо тут свежае паветра, працую таксама ў Траскоўшчне качагарам, трымаю свінні, козаў. Кармы на кірмашы купляю. Але ж яны такія дарагія, што свінчо не акупляюцца. Таму трымаю для сябе толькі аднаго парсючка. Козаў штук шэсць…

РР: Якія-небудзь перспектывы для сябе бачыш у Лукашах – не адным жа паветрам жыць?

Гіль: Ды ніякіх, дом яшчэ крэпкі, трэба глядзець, могілкі бацькоў тут …

РР: А фермерскую гаспадарку завесці слабо – ты ж малады?”

Гіль: Ды якая ферма з такім заробкам, машыны няма, а ў Менску працы…

А калі стаў рухацца ў накірунку шашы, ізноў сустрэў спадарыню Дашчынскую.

Дашчынская: Надта ж мейсца ў нас прыгожае – вы самі праехалі…Закінулі гэту вёску, а хіба не можна было б будаваць хаты?!”

Беларускае Радыё Рацыя