Беспрацоўнага засудзілі да 5 сутак за выступ на мітынгу
У судзе Баранавіцкага раёна і горада Баранавічы абвешчаны чарговы прысуд апошняму выступоўцу на сходзе 26 лютага ў Баранавічах – 25-гадоваму Яўгену Жураўскаму з Баранавіч.
Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і парушэнні правапарадку.
Суддзёй Аксанай Саранчук не былі прыняты да ўвагі сведчанні прадстаўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Насты Лойкі, што акцыя прайшла без эксцэсаў. Другога сведку Жураўскага суддзя не дапусціла да працэсу, бо ён меў правы кіроўцы а не пашпарт.
Суддзя вынесла жорсткі прысуд, бо прыняла да ўвагі толькі сведчанні міліцыянтаў. На акцыі яны былі ў цывільным. Сярод такой колькасці прысутных адназначна сказаць, ці яны наогул былі, даволі складана, кажа праваабаронца “Вясны” Сяргей Гоўша:
– Святары ў цэрквах у форме, суддзі ў форме, вайскоўцы ў форме, а чаго гэтыя ходзяць, як бандыты?
Паводле праваабаронцы, ніхто не думаў, што яму дадуць 5 сутак арышту:
– Ніякіх дзеянняў не прадпрымаў, ніякага парадку не парушаў, усё нармальна, дык не, трэба чалавека садзіць. Чалавек сказаў пару слоў пра тое, што ён прапісаны ў Менску ў інтэрнаце і ў яго няма працы, ён нідзе не зможа знайсці працу. Суддзя першы раз перапыніла суд на 20 хвілін, каб выклікаць міліцыю, якая пацягне яго ў ізалятар.
Па словах Сяргея Гоўшы, незаконнае судовае рашэнне будзе абскарджана не толькі ў Берасцейскім абласным судзе, але і ў пракуратуры Баранавіцкага раёна.
Беларускае Радыё Рацыя