Без тэрміна даўніны…
“Злачынствы сталінізму не маюць тэрміна даўніны”, – кажа старшыня руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык.
У Менску пачаў работу грамадскі трыбунал па раследаванні злачынстваў сталінізму, і ўжо прайшло яго першае пасяджэнне.
Трыбунал быў утвораны ў студзені 2015 года з ліку прадстаўнікоў міжнароднага таварыства “Мемарыял”, ініцыятывы «За ўратаванне Курапат», руху «Разам», ГА «Курапаты», незарэгістраванага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій” і іншых.
Мэта трыбунала – прымусіць людзей задумацца пра злачынствы савецкай улады падчас масавых рэпрэсій, абнародаваць імёны злачынцаў і іх ахвяраў, паведаміў БелаПАН.
Пасяджэнні грамадскага трыбунала будуць праходзіць да 29 кастрычніка – Дня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. У гэты дзень прадстаўнікі ініцыятывы падвядуць вынікі сваёй працы.
Вячаслаў Сіўчык: Наш рух, безумоўна, будзе падтрымліваць дзейнасць грамадскага трыбунала, таму што мы бачым, што сёння генезіс многіх уладаў вельмі цесна звязаны з гісторыяй жудаснай сістэмы ЧК, ГПУ, КДБ. Мы цудоўна разумеем, што без належнай ацэнкі злачынстваў камуністаў ніколі ў Беларусі не будзе нармальнай будучыні. Каб мець будучыню – трэба помніць гісторыю і яе ўрокі. А злачынствы сталінізму тэрміна даўніны не маюць. Рух шмат праводзіць акцый з гэтай нагоды і цяпер – у першую чаргу па ўшанаванні памяці ахвяраў карных рэжымаў.
РР: Думаеце, для простых беларусаў гэтая тэма будзе актуальная?
Вячаслаў Сіўчык: У святле таго, што зараз адбываецца на усходзе Украіны, яна – абсалютна актуальная. На жаль, мы маем усе падставы казаць пра расейскую агрэсію і аднаўленне той страшнай сістэмы, якая была пры Сталіне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя