Бэз з „адбіткам часу”



У гарадзенскім Каложскім парку з’явілася дзялянка з высаджаных хмызоў бэзу, даглядаюць іх (так напісана на шыльдачках) калектывы сярэдніх агульнаадукацыйных школаў. Асаблівасць пасадкі – яе тэматычнасць. Усе хмызнякі бэзу маюць імёны і назвы, звязаныя з падзеямі камуністычнага мінулага. Хоць расліны прыгожыя.

Аўтарам некаторых гатункаў бэзу з’яўляецца Лявон Калеснікаў, селекцыянер-самавучка, лаўрэат сталінскай прэміі 1952 года. У 1973 годзе Калеснікава Міжнароднае таварыства бэзу пасмяротна ўзнагародзіла прэміяй Directors Award (Залатая галінка бэзу). Ягоны вучань Мірановіч захаваў багатую калекцыю селекцыянера ў Маскоўскім батанічным садзе. Назвы ў такіх гатунках маюць „адбітак часу”.

Цікавым гатункам бэзу белага колеру з’яўляецца „Абаронцам Берасця” («Защитникам Бреста» – арыгінальная назва). Створаны ён быў ажно ў 1964 годзе шляхам шчаплення гатункаў бэзу „Рэомюр” і „Мадам Абэль Шатэнэ”. Шчаплялі беларускія селекцыянеры Мікалай Смольскі і Вераніка Бібікава.

Што да такіх „палітызаваных” назваў, то варта глядзець спакойна. Бо нічога няма арыгінальнага ў нашым свеце. І падобныя селекцыйныя назвы раслінаў былі пры ўсіх рэжымах.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота аўтара