Бежанцаў з Украіны прымаюць на працу пераважна ў сельгаспрадпрыемствы
Працаўладкаванне ўцекачоў з Украіны ўлады Гарадзеншчыны ажыццяўляюць пераважна ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. У мэтах пашырэння магчымасцяў знайсці працу для жыхароў Данецкай і Луганскай абласцей у аблвыканкаме фармуецца база дадзеных. У ёй знаходзіцца пералік арганізацый, якія маюць намер прыняць на працу жыхароў суседняй краіны. Як зазначае сакратар ганаровага консульства Украіны ў Гародні Вікторыя Рыжыкава, менавіта праца застаецца для ўцекачоў галоўным чыннікам далейшай сацыяльнай адаптацыі ў Беларусі:
– Перш чым прыехаць сюды, яны ўжо папярэдне знаходзяць людзей – або нейкіх сваякоў, або проста знаёмых, каб да некага прыехаць. Яны разумеюць, што іх могуць прыняць часова і за гэты перыяд ім трэба знайсці працу і жытло.
Сельскагаспадарчым прадпрыемствам Гарадзеншчыны патрабуюцца як трактарысты, кіроўцы і даяркі, так і ветэрынары, заатэхнікі і бугалтары. Сярэдні заробак, які прапануюць калгасы і саўгасы уцекачам з Украіны, складае ад 2-х да 4-х мільёнаў беларускіх рублёў. Некаторыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы маюць магчымасць забяспечыць уцекачоў жытлом.
Беларускае Радыё Рацыя