Парэшткі безыменных расстраляных вырашылі закапаць
Аддзел Следчага камітэту па Віцебскім раёне даслаў адказ актывістам, якія знайшлі масавае пахаванне ў лесе каля вёскі Хайсы.
Актывістаў уразіла, што ў лесе адкрыта ляжаць чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі ў патыліцы. Мясцовыя старажылы распавялі, што ў гэтым лесе ў 1937-38 гадах расстрэльвалі ахвяраў сталінскага тэрору.
Аднак, у лісце за подпісам Аляксея Ларкіна, начальніка Віцебскага раённага аддзела Следчага камітэту, чытаем, што экспертыза здолела вызначыць толькі адно: што гэтым парэшткам больш за 50 гадоў. А прычыну смерці вызначыць нібыта немагчыма. І таму парэшткі будуць проста перададзеныя службам ЖКГ для пахавання.
Актывісты створанай ініцыятывы «Хайсы» хочуць абскардзіць гэты адказ і не дапусціць яшчэ аднаго здзеку над невядомымі ахвярамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Серабро