БФФ абараняе заўзятараў з „Пагоняй”
Узаемаадносіны футбольных заўзятараў і міліцыі будуць абмяркоўвацца на сустрэчы старшыні Беларускай федэрацыі футбола Сяргея Румаса і міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча, паведаміў на сустрэчы з журналістамі 28 кастрычніка першы намеснік старшыні БФФ Сяргей Сафар’ян.
Падстава для сустрэчы – інцыдэнт на адборачным матчы чэмпіянату Еўропы 2016 года Беларусь – Македонія, які адбыўся 12 кастрычніка на „Барысаў-Арэне”. У перапынку былі затрыманы і дастаўлены ў Барысаўскі РАУС тры заўзятары. На наступны дзень яны былі аштрафаваны на 10 базавых велічынь (1,8 млн. рублёў) кожны. Паводле слоў заўзятараў, праваахоўнікі прычапіліся да шалікаў з выявай гістарычнага герба „Пагоня”, сілавікі сцвярджалі, што фанаты знаходзіліся ў нецвярозым стане і адмаўляліся выконваць іх законныя патрабаванні. Пазней кіраўнік МУС Шуневіч заявіў, што нашэнне сімволікі з гербам „Пагоня” не з’яўляецца падставай для прыцягнення да адказнасці. Федэрацыя футбола заявіла, што бярэ інцыдэнт на кантроль.
„Узяцце на кантроль не падразумявае, што мы можам паўплываць на гэтую сітуацыю”, – заявіў Сафар’ян і прадоўжыў: „Мы гэтую сітуацыю трымаем на кантролі, і [спецыяліст па працы з заўзятарамі] Ігар [Бяльковіч] непасрэдна адказвае за тое, каб у нас гэтая інфармацыя была пастаянна, перш за ўсё з боку балельшчыкаў, таму што МУС не вельмі нам дае інфармацыю. Мы атрымліваем яе толькі з афіцыйных заяў”.
„Быў ліст у наш адрас, персанальна, але там не інфармацыя па сутнасці, а, увогуле, незадавальненне нашымі дзеяннямі, што мы не падтрымліваем дзеянні МУС, і паўторана, што заўзятары былі нецвярозыя і парушалі грамадскі парадак. У гэтым выпадку ўзнікае пытанне, як нецвярозыя праз кардоны міліцыі трапілі на стадыён, хто іх туды прапусціў”, – адзначыў прадстаўнік БФФ.
У гэтай сітуацыі, паводле яго слоў, пакуль стаіць шматкроп’е. „Наколькі мы ведаем, гэтае рашэнне будзе абскарджвацца”, – паведаміў Сафар’ян.
Паводле яго слоў, у федэрацыі ёсць прапанова, „якую МУС пакуль не пачула і не хоча чуць”. „Сяргей Мікалаевіч Румас цяпер знаходзіцца ў адпачынку і адразу пасля вяртання будзе сустракацца з міністрам. Паколькі нас не хацелі выслухаць у рабочым парадку, ён (Румас) сказаў, што будзе сам выходзіць на сустрэчу з міністрам і прапаноўваць яму нашае бачанне, як надалей пазбягаць такіх сітуацый”, – сказаў першы намеснік старшыні БФФ.
„Мы не зацікаўлены ў тым, каб супраць балельшчыкаў ажыццяўляліся нейкія неадэкватныя або незаслужаныя дзеянні, – падкрэсліў ён. – З іншага боку, мы не падтрымліваем тую частку заўзятараў, якія, знаходзячыся на футбольных матчах, парушаюць грамадскі парадак”.
Сафар’ян нагадаў пра леташні адборачны матч Еўра-2016 Беларусь – Украіна, калі фанаты абедзвюх зборных праспявалі вядомую мацерную прыпеўку пра прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. „Я не памятаю, каб там кагосьці бралі, масава выводзілі, хаця там некалькі соцень можна было вывесці з сектара за ўжыванне нецэнзурнай лаянкі, і, напэўна, у судзе не ўзнікла б пытанняў, за што іх выдварылі. Але, наколькі я памятаю, тады ніводнага судовага разбору не было. Вось такая непаслядоўнасць у дзеяннях выклікае пытанні, і мы прапаноўваем стварыць механізм, каб надалей такіх інцыдэнтаў не ўзнікала, каб абодва бакі ведалі, што ёсць нейкі трэці бок, які будзе ацэньваць гэтую сітуацыю аб’ектыўна, не аддаючы прыярытэту таму ці іншаму боку. Будуць даваць паказанні не прадстаўнікі АМАП у судзе, а людзі, якія не зацікаўлены займаць чыйсьці бок”, – заявіў Сафар’ян.
„Да тых пор, пакуль такія сітуацыі ў прынцыпе магчымая, заўзятараў на стадыёнах будзе менш, а стаўленне да міліцыі не палепшыцца, – перакананы прадстаўнік федэрацыі. – Два гэтыя пытанні трэба вырашаць: павялічваць колькасць балельшчыкаў на трыбунах і паляпшаць стаўленне міліцыі да нашых заўзятараў. Яны не злачынцы”.