“Біблійныя гісторыі” – філатэлістычная выстава ў Гародні



У Гародні ў праваслаўным прыходзе святых Барыса і Глеба адкрылася філатэлістычная выстава луненскага краязнаўцы Лявона Карповіча. Выстава пад назвай „Біблійныя гісторыі” добра ўпісалася ў сферу зацікаўленняў краязнаўцы, які з дапамогаю мастацкіх паштовак (карт-максімумаў) знаёміць з уласнымі набыткамі, якія дапаўняюць рэлігійныя пачуцці сродкамі філатэліі.

Гэтая выстава планавалася ў азначаным прыходзе даўно, кажа Лявон Карповіч:

– Гэтым разам я шукаў, дзе размясціць выставу. Бо шкада, што яна ляжыць у хаце на паліцы і не робіць сваёй працы – ляжыць і ўсё. А хацелася б, каб яна была больш актыўнай, каб нешта падказвала людзям. Тут не толькі Біблія, тут і мастацтва. Сёння моладзь мне дапамагла – гэта цудоўна. Яны паглядзелі, што можна і гэтым займацца, калі не ў маладым веку, дык на пенсіі.

Наведаць выставу можна штодня. Яна знаходзіцца ў царкве праваслаўнага прыхода Святых Барыса і Глеба за 100 метраў ад Каложскай царквы па адрасе: вуліца Каложа, дом 10.

Выставу Лявон Карповіч адкрыў напярэдадні свайго 75-годдзя, з чым яго шчыра віншуе наша рэдакцыя.

Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота і відэа аўтара