Бібліятэка як пляцоўка для культурна-асветніцкага жыцця



Бібліятэка павінна быць не толькі кнігасховішчам і задавальняць патрэбы чытачоў, але прапаноўваць цікавая ды карысныя праекты, быць пляцоўкай для культурна-асветніцкага жыцця. Асабліва актуальна гэтыя задачы гучаць для вясковых бібліятэк. Каб абмеркаваць пастаўленныя пытанні, бібліятэкары Піншчыны з’ехаліся на нараду ў Пінск.

На сходзе прадстаўнікі сельскіх бібліятэк распавялі, як рэалізаваны на месцах праект па прававой асвеце грамадзян, ці створаны ўмовы для доступу сельскіх жыхароў у Сусветную сетку.

Дырэктарка Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Яўгеніі Янішчыц Алена Анташук паведаміла, што ўсё ідзе згодна з планам і грамадзяне задаволеныя мерапрыемствамі:

– Спадзяёмся, што і надалей у нас усё пойдзе добра. Людзі задаволеныя нашай працай. У кожнай бібліятэцы створана кніжная выстава, праводзяцца выступленні літаратурна-паэтычных груп, літаратурна-музычныя кампазіцыі, вечарыны паэзіі, конкурсы чытальнікаў.

Нягледзячы на тое, што на сённяшні дзень абслугоўванне жыхароў адказвае ўсім патрабаванням, вясковым бібліятэкарам параілі не спыняцца ды мадэраваць новыя праекты.

Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя