Білборд з Някляевым не правісеў у цэнтры Менска нават палову дня



Замест адных сутак некалькі гадзін правіселі ў цэнтры Менска 4 верасня сіціборды (від вонкавай рэкламы) крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.by з партрэтамі паэта і апазіцыйнага палітыка Уладзіміра Някляева і тэлевядучага і акцёра Юрыя Жыгамонта. Яны былі заменены на звычайную рэкламу гэтай крамы, якая амаль год размешчана на скрыжаванні праспектаў Незалежнасці, Машэрава і вуліцы Казлова.

Як паведаміў БелаПАН уладальнік крамы Павел Белавус, сіціборды былі размешчаны ў рамках акцыі „Добрыя словы”. Партрэт Някляева суправаджала фраза „Так добра, калі ты ўсміхаешся”, Жыгамонта — „А хто тут такі прыгожы ідзе?”.

5 верасеня Symbal.by планаваў размясціць плакаты з музыкантам Лявонам Вольскім („Усміхніся і кроч наперад!”) і гімнасткай Меліцінай Станютай („Твае шчочкі створаны для пацалункаў”).

„У рэкламным агенцтве, з якім у нас заключаны дагавор, заявілі, што борды прыйшлося зняць пасля таго, як патэлефанавалі з высокіх арганізацый”, — сказаў Белавус.

Паводле слоў суразмоўцы, сам Някляеў скептычна паставіўся да ідэі стварыць сіціборд з яго партрэтам. „Ён сказаў: мяне не размесцяць. Мы прапанавалі паспрабаваць. Эксперымент атрымаўся, хоць і завяршыўся ўжо праз некалькі гадзін. Добра, што хоць старую рэкламу вярнулі. Будзем разбірацца”, — сказаў Белавус. Ён адзначыў, што пры падрыхтоўцы сіціборда было вырашана пайсці на своеасаблівы кампраміс і прадставіць Някляева толькі як „беларускага пісьменніка”.

Марыя Кавалеўская, кіраўнік рэкламнага агенцтва „МК”, якое працуе з Symbal.by, не змагла выдзеліць час для карэспандэнта БелаПАН, спаслаўшыся на моцную занятасць і прапанаваўшы ператэлефанаваць заўтра.

Між тым у інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што сіціборды з Някляевым і Жыгамонтам прыбраў дзяржаўны аператар вонкавай рэкламы — прадпрыемства „Менскрэклама”. Яго дырэктар Сяргей Хільман гэту інфармацыю катэгарычна абверг. „Мы не з`яўляемся органам улады і не маем распарадчых функцый. У нас няма ніякіх паўнамоцтваў умешвацца ў адносіны заказчыка і іншага рэкламнага агенцтва. Фактычна мы суб’ект гаспадарання. СМІ, якое распаўсюдзіла несапраўдную інфармацыю, ужо ўнесла карэкціроўку”, — сказаў дырэктар „Менскрэкламы”.