Білборды пра Скарыну зрабілі з памылкамі
На скрыжаванні вуліц Першамайскай і Пуліхава ў Менску з’явіўся білборд з сацыяльнай рэкламай, прысвечанай Году культуры. Пільныя мінчукі заўважылі, што аўтары білборда нарабілі на надпісе багата памылак.
На білбордзе паведамляецца: «Помнік Францыску Скарыне, асветніку і грамадскому дзеячу XV стагоддзя ў Мінску».
Між тым навукоўцы лічаць, што беларускі першадрукар нарадзіўся каля 1490 года. Такім чынам, у XV стагоддзі ён паспеў пражыць каля дзесяці гадоў. Асветай і грамадскай дзейнасцю ён займаўся толькі ў наступным, XVI стагоддзі.
У «Мінскрэкламе», якая займалася распрацоўкай білборда, паведамілі, што карцінку і тэкст ім зацвярджалі ў аддзеле ідэалогіі Мінгарвыканкама. Работніца «Мінскрэкламы» пагадзілася, што ў тэксце дапушчаная памылка з указаннем стагоддзя, і паабяцала выправіць.
Дарэчы, гэта не адзіная памылка ў тэксце. Правільны тэкст мусіў бы выглядаць так: «Помнік Францыску СкарынУ, асветніку і грамадскАму дзеячу XVI стагоддзя, У Мінску»