Birdwatching набірае папулярнасць у Менску



У сталіцы пашыраецца папулярнасць шпацыроў-назіранняў за птушкамі.

Free Walking Tours ці пешаходныя экскурсіі па сталічным паркам з біноклямі па чацвяргах, якія арганізуе Ахова птушак Бацькаўшчыны, карыстаюцца вялікім попытам у менчукоў.

Паводле прэс-сакратаркі АПБ Вікторыі Церашчонак, назіранне за птушкамі ў такім фармаце – запіс праз інтэрнэт, збор у парку і экскурсія з біноклямі і тлумачэннямі спецыяліста – мае шанец распаўсюдзіцца і на іншыя гарады Беларусі:

– Маем такія думкі, каб распаўсюдзіць гэты досвед на ўсю краіну, бо шмат людзей у розных месцах хочуць ведаць, якія птушкі сядзяць на іх кармушках, якія птушкі жывуць у іх на лецішчы. Такая форма працы, як экскурсія з арнітолагам ці валанцёрам, якія маюць нейкі досвед у бёрдвотчынгу, гэта лепшы спосаб пазнаёміць чалавека з птушкамі, гэта як першы крок, які дазваляе чалавеку даведацца, што гэта насамрэч. Было ўжо чатыры экскурсіі, мы праводзім іх кожны чацвер, яны карыстаюцца вялікай папулярнасцю.

Вікторыя Церашчонак кажа, што запіс на экскурсію доўжыцца не больш за два дні, арганізатары вымушаныя спыняць яго, бо шпацыр губляе ў якасці пры колькасці ўдзельнікаў больш за 35 чалавек.

Сябра рады Менскай гарадской арганізацыі АПБ, гід Free Walking Tour Віктар Кулік падкрэслівае, што папулярны ва ўсім свеце бёрдвотчынг ці назіранне за птушкамі – адзін з самых дэмакратычных спосабаў актыўнага адпачынку:

– Бінокль каштуе ў раёне 100 беларускіх рублёў. Для таго, каб пачаць глядзець, не патрэбныя вялікія фінансавыя сродкі, галоўнае жаданне, бінокль і вызначальнік. Заўсёды можна далучыцца да экскурсій, знайсці сяброў, якія гэтым займаюцца. Гэта самы дэмакратычны від адпачынку, бо паляванне ці рыбная лоўля каштуюць даражэй. Прычым арніталогіяй ці бёрдвотчынгам можна займацца круглы год.

Інфармацыю пра новыя маршруты можна знайсці на сайце ptushki.org.

[Not a valid template] 

Беларускае Радыё Рацыя, Менск